13 красавіка Рада БДУ вырашыла надаць самастойны статус факультэту павышэння кваліфікацыі кадраў і іх перападрыхтоўкі, які ўваходзіць у структуру Інстытуту журналістыкі. Па сутнасці гэта азначае скасаванне апошняга і паніжэнне ягонага статусу да ўзроўню факультэта — як гэта і было да 2008 году, паведамляе Радыё Свабода.

Як сказала начальнік прэс-службы БДУ Алена Марцулевіч, рашэнне перайменаваць Інстытут журналістыкі БДУ пакуль не прынятае.

Цягам апошніх 10 год Інстытут журналістыкі БДУ складаўся з двух факультэтаў — журналістыкі ды павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Цяпер факультэт павышэння кваліфікацыі выводзіцца са складу Інстытуту журналістыкі.

«Прынятае рашэнне аб наданні самастойнага статусу факультэта павышэння кваліфікацыі кадраў і іх перападрыхтоўкі. Гэты факультэт будзе мець статус адзінага навукова-мэтадычнага і каардынацыйнага цэнтру дадатковай адукацыі дарослых у комплексе БДУ», — сказала Алена Марцулевіч.

Гэтае рашэнне выклікана «пашырэннем дзейнасці ў сферы дадатковай адукацыі, узмацненнем экспарту адукацыйных паслуг і ўдасканаленьнем сістэмы дадатковай адукацыі».

«Калі адзін факультэт выводзіцца са структуры Інстытута, значыць, хутчэй за ўсё, будзе функцыянаваць факультэт журналістыкі. Але цяпер стаіць пытанне пра яго перайменаванне. Яму будзе нададзены імпульс для далейшага развіцця», — сказала Алена Марцулевіч.

Учора стала вядома, што дырэктар Інстытута журналістыкі Сяргей Дубовік быў адпраўлены ў адстаўку падчас знаходжання ў адпачынку. Дасведчаныя крыніцы патлумачылі Свабодзе, што стварыць на базе Інстытута журналістыкі факультэт павышэньня кваліфікацыі было ягонай ідэяй.

Ініцыятыву рэфармаваць Інстытут журналістыкі звязваюць з прыходам новага рэктара БДУ Андрэя Караля. Дубовік нібыта быў супраць.

Абавязкі дырэктара факультэта журналістыкі пакуль выконвае намесніца Дубовіка Вольга Самусевіч. Хто стане новым кіраўніком журфаку, будзе вырашацца «ў рабочым парадку», сказалі ў прэс-службе БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?