Кот сарваў інтэрв'ю польскага гісторыка і палітолага для тэлепраграмы. На відэазапіс фрагмента праграмы, апублікаваны на YouTube, звярнула ўвагу выданне TJournal.
Доктар Ежы Таргальскі, польскі гісторык, палітолаг, былы актывіст антыкамуністычнай апазіцыі і апазіцыянер, даваў інтэрв'ю пра палітычную напружанасць у Польшчы для галандскай тэлевізійнай тэлекампаніі NTR. Таргальскі распавядаў на камеру, што ўсе сферы жыцця ў Польшчы па-ранейшаму кантралююцца людзьмі з былой дзяржслужбы бяспекі, калі ў кадры з'явіўся руды кот Лісіа.
Спачатку жывёліна паклала лапу на плячо гаспадара і запытальна мяўкнула. Не дачакаўшыся ў адказ увагі, кот ускараскаўся на плечы палітолагу, пачаў таптацца і церціся пысай аб яго галаву. Таргальскі захоўваў поўны спакой і толькі час ад часу звыклым рухам прыбіраў ад твару хвост Лісіа.