88 грамадзянаў Паўднёвай Карэі наведаюць КНДР для спатканьня з сваякамі, зь якімі былі разлучаныя ад часу Карэйскай вайны (1950—1953 г.), паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на паўднёвакарэйскае інфармацыйнае агенцтва Yonhap.

Сустрэча падзеленых сем'яў пройдзе на паўночнакарэйскім курорце «Гара Кумган» і будзе доўжыцца да 22 жніўня. Пра гэта кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў дамовіліся на саміце ў красавіку. Цягам трох дзён падзеленыя сем'і чакае шэсьць спатканьняў за вячэрамі і абедамі, арганізаванымі КНДР.

Усяго на сустрэчу з Паўднёвай Карэі выехалі 89 чалавек. Яшчэ прыкладна 300 іх суправаджаюць, у тым ліку 30 лекараў, бо большая палова людзей старэйшыя за 70 гадоў. Паводле паўднёвакарэйскіх СМІ, найстарэйшаму ўдзельніку паездкі 101 год, яшчэ 35 чалавек старэйшыя за 90 гадоў. Бальшыня выправілася ў КНДР на інвалідных вазках.

Да канца тыдня 88 грамадзянаў Паўночнай Карэі прыедуць зь візытам да сваякоў у Паўднёвую. 62 зь іх старэйшыя за 80 гадоў.

Паводле «Чырвонага крыжа», пасьля красавіцкага саміту кіраўнікоў дзяржаваў і падпісаньня дакумэнтаў аб ядзерным раззбраеньні і супрацы падалі заявы на спатканьні больш як 132 тысячы жыхароў Паўднёвай Карэі і каля 57 тысячаў грамадзянаў КНДР.

Гэта будзе першае спатканьне родзічаў за апошнія тры гады — у 2015 годзе дачыненьні паміж Карэямі рэзка пагоршыліся. З 2000 году афіцыйна адбылося толькі 20 часовых узьяднаньняў сем'яў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0