Віцебскі абласны суд прысудзіў грамадзяніна Турцыі да 17 гадоў турмы за жорсткае забойства жанчыны з Бангладэш.
Забойства адбылося 6 лютага ў блоку пункта часовага пасялення бежанцаў у Віцебску. Абвінавачаны ўдарыў жанчыну не менш за 15 разоў, пасля чаго рукамі і шалікам задушыў яе. Жанчына памерла на месцы.
Затым абвінавачваны незаконна трапіў у жылы пакой пацярпелай, скраў яе грошы і рэчы на суму 467 рублёў. Труп пацярпелай ён перамясціў праз акно на вуліцу, а затым схаваў яго ў водапрапускной трубе. Там яго і знайшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Абвінавачаны вінаватым сябе не прызнаў.
Яму прызначылі 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці.
Як паведамляе vitebsk.biz, абвінавачаны — бацька траіх малалетніх дзяцей. Мужчына мае 2 класы адукацыі, на радзіме працаваў пастухом. На судзе ён распавёў, што прадаў жывёлу і прыехаў у Беларусь, каб транзітам адправіцца ў Еўропу.
Памерлая жанчына і грамадзянін Турцыі былі суседзямі ў пункце часовага пасялення бежанцаў.