У Іўеўскім раёне выратавалі мужчыну, які ўпаў у калодзеж, паведамляе МНС.
Раніцай 17 верасня жыхарка вёскі Дробышы Іўеўскага раёна паведаміла, што ў калодзеж упаў яе прыяцель. Самастойна ён выбрацца не можа. Як мяркуецца, мужчына 1978 года нараджэння зваліўся ў калодзеж, калі вымаў вядро з вадой. Глыбіня калодзежа — каля 7 метраў, узровень вады — каля 3 метраў.
Пацярпелы каля 20 хвілін быў па шыю ў вадзе, трымаючыся за металічны трос з вядром. Камандзір аддзялення ратавальнікаў Юрый Федаровіч абвязаўся вяроўкай і па драбінах спусціўся ў ваду, затым абвязаў адмысловым вузлом мужчыну і дапамог яму выбрацца з калодзежа. Выратавальная аперацыя заняла каля пяці хвілін.
З дыягназам «моцнае пераахаладжэнне» пацярпелага шпіталізавалі.
0
0
0
0
0
0