Заснавальнік Tut.by Юрый Зісер паразважаў у фэйсбуку пра тое, як разгортваліся б падзеі пасля імавернай аварыі на АЭС.

Юрый Зісер. Фота Вадзіма Заміроўскага

Юрый Зісер. Фота Вадзіма Заміроўскага

Ён выказаўся ў каментарах да допіса афіцыйнага прадстаўніка МНС Віталя Навіцкага. «Вы не абавязаны добра ставіцца да БелАЭС, вы не абавязаныя ўхваляць атамную энергетыку, вы не абавязаныя мне верыць, але ЯК? Як можна страчыць каменты «нічога з 1986 года не памянялася», «калі што здарыцца — мы таксама даведаемся пра гэта праз тыдзень»? Тут качаняты дарогу пяройдуць — і ў інтэрнэце відэа з трох ракурсаў. Вы разбураеце самі сябе падобнымі думкамі», — напісаў Навіцкі.

Зісер падкрэсліў, што таксама выступае за будаўніцтва АЭС, але не пагадзіўся з Навіцкім:

«Я разам з большасцю тых, хто піша тут, упэўнены, што ў выпадку надзвычайнага здарэння дзяржава традыцыйна нас падвядзе. Не, я веру, што МНС і асабіста спадар Навіцкі «усе як адзін памруць у барацьбе за гэта» і ім пасмяротна паставяць помнікі. Але я не веру ў тое, што дзяржава прыме адэкватныя меры, папярэджваючы чуткі, своечасова апавясціць насельніцтва, не дапусціць панікі ды чутак і знойдзе верную інтанацыю для зносін з людзьмі. Ужо бачу, як першымі драпануць з краіны сем'і прэзідэнцкай вертыкалі, калі народ яшчэ ні пра што здагадвацца не будзе. У момант скончацца месца на самалёты і міжнародныя цягнікі. Раптам пачнуцца перабоі з інтэрнэтам, Белтэлекам абвесціць аб абарванні важнага кабеля, Мінінфарм збярэ галоўных рэдактараў СМІ і ласкава папросіць «не раздуваць паніку», а вінаватым традыцыйна прызначаць Tut.by. Па БТ будуць паказваць весткі з палёў. І гэтак далей. Пасля дзесяцігоддзяў беспардоннай хлусні і пакаранняў за праўду дзяржаве няма веры».

«Справа ж не ў тым, што немагчыма будзе схаваць, а ў тым, што дзяржава будзе спярша замоўчваць, а потым змяншаць, ды яшчэ і клясці і караць тых, хто скажа праўду. А ў тым, што дзьме вецер, традыцыйна будуць вінаватыя дрэвы, якія ад гэтага ветру варушацца, — удакладніў Зісер. — Таму што дзяржава па вызначэнні не можа быць вінаватая і прызнаць сваю віну. Яна прызначае вінаватымі стрэлачнікаў, недзяржаўныя медыя і сусветны імперыялізм».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0