22 студзеня ў Мінск з двухдзённым візітам прыбывае дэлегацыя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ на чале з яго дырэктарам Янезам Лянарчычам.
Як паведамляе прэс‑служба БДІПЧ АБСЕ, галоўная мэта візіту —
абмеркаванне рэкамендацый па паляпшэнні беларускага выбарчага заканадаўства,уключаных у выніковую справаздачу АБСЕ аб парламенцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі ў верасні 2008 года.
Плануецца, што Я.Лянарчыч правядзе перамовы з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай і іншымі высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі.
Дырэктар БДІПЧ АБСЕ таксама мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці.
Як паведамлялася раней, афіцыйнае запрашэнне наведаць краіну для дыялогу па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства і яго правапрымяняльнай практыкі МЗС Беларусі накіравала кіраўніцтву БДІПЧ АБСЕ ў снежні.
****
У выніковым дакладзе БДІПЧ аб правядзенні парламенцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі гаворыцца, што
нягледзячы на «некаторыя паляпшэнні», выбары не адпавядалі стандартам АБСЕ.
На думку экспертаў, беларускае выбарчае заканадаўства не дае магчымасці для «сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў», «перашкаджае правядзенню выбараў» у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. Выбарчы кодэкс Беларусі «не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрыняў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня».
У дакладзе адзначаецца, што большасці апазіцыйных кандыдатаў было адмоўлена ў рэгістрацыі «з‑за нязначных парушэнняў фармальных патрабаванняў».
Усё гэта, на думку БДІПЧ, «стварае магчымасці для фальсіфікацый».
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі накіравалі ў БДІПЧ АБСЕ свае прапановы аб змене выбарчага заканадаўства краіны.