Палата прадстаўнікоў разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі 2 красавіка, абяцае Валерый Іваноў. Тым часам для Захаду ўкінутая іншая чутка: пракурор Бажэлка вернецца на пасаду і да справаў пра палітычныя знікненні.
Пра гэта 22 студзеня ў Маскве на прэс‑канферэнцыі паводле вынікаў сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый парламентаў дзяржаў — членаў АДКБ у Парламенцкай асамблеі АБСЕ заявіў намеснік старшыні ніжняй палаты беларускага парламента Валерый Іваноў, паведамляе РІА Новости.
«Гэтае пытанне абмяркоўваецца сярод дэпутатаў палаты прадстаўнікоў. Рашэнне будзе прынята на сесіі 2 красавіка.
Мы вядзем дыялог сярод дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, і калі будзе прынята рашэнне, мы яго аб’явім», — сказаў ён.
У палату прадстаўнікоў адозвы Абхазіі і Паўднёвай Асеціі з просьбай прызнаць іх незалежнасць паступілі ў лістападзе — пачатку снежня 2008 года.
24 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што парламент Беларусі разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі пасля Новага года. «І калі будзе на тое воля народа, прэзідэнт падпіша адпаведныя дакументы», — сказаў ён.
15 студзеня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю,
у якой вітаецца «пазіцыя беларускіх уладаў, нягледзячы на велізарны ціск, не прызнаваць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі».
Тым часам для Захаду ўкінутая іншая чутка: пракурор Бажэлка вернецца на пасаду і да справаў пра палітычныя знікненні. Такая інфармацыя была злітая парталу «Белорусскій партізан».