У панядзелак увечары «Полымя міру» — сімвал II Еўрапейскіх гульняў — урачыста прынеслі ў Мінск. Урачыстая цырымонія прайшла на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Ёй папярэднічала выступленне беларускіх выканаўцаў: Аляксея Хлястова, Сашы Нема, Юліі Быкавай, Наталлі Тамела, Германа, Ірыны Дарафеевай, Аляксандра Саладухі, Ані Шаркуновай, Вані Зданюка ды інш.
На апошніх метрах факел неслі Дар'я Домрачава, Аляксандр Багдановіч і Марына Арзамасава.
На плошчы Дзяржаўнага сцяга полымя сустрэлі мэр Мінска Анатоль Сівак, кіраўнік Мінспорту Сяргей Кавальчук і в.а. віцэ-прэзідэнта НАК Віктар Лукашэнка. Яны і запалілі сімвалічную чашу на плошчы Дзяржаўнага сцяга.
Затым на сцэне з'явіўся трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь. Ён перадаў полымя Сцяпану Папову, Эльвіры Герман і Вользе Мазуронак, з якіх пачаўся фінальны этап эстафеты.
Фота minsk2019.by
Адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў адбудзецца ў пятніцу, калі агонь запаляць у чашы на стадыёне «Дынама».
Сёння агонь пранясуць па праспекце Незалежнасці, дзе яго шлях праляжа ад Нацыянальнай бібліятэкі да Кастрычніцкай плошчы.