Даследнікі з Універсітэта імя Бэн-Гурыёна вывучылі гіганцкі натуральны рэзервуар вады пад пустыняй Негеў у Ізраілі і звязаны з Нубійскім ваданосным пластом. Спецыялісты вызначылі паходжанне падземных вод, узрост якіх ацэньваецца ў сотні тысяч гадоў. Пра гэта паведамляе Science Alert.

Пустыня Негеў — адно з самых сухіх месцаў на Зямлі, аднак глыбока пад яе паверхняй знаходзіцца рэзервуар з вадой. Даследчыкі ведаюць, што гэта старажытны вадаём, бо сёння штогадовы ўзровень ападкаў надзвычай малы і не можа завільгатніць грунт больш чым на дзясятак сантыметраў у глыбіню.

Такім чынам, падземнае возера мае быць сведкам змен, якія адбыліся ў ландшафце на працягу тысячагоддзяў.

Але адкуль узялася вада? Каб высветліць гэта, каманда з Універсітэта імя Бэн-Гурыёна ў Негеве звярнулася да незвычайнай методыкі, распрацаванай у Аргонскай нацыянальнай лабараторыі ЗША. Яны прааналізавалі змест ізатопа крыптону (крыптон-81) і ізатопа вадароду (дэйтэрый) з узораў вады з 20 свідравін. Па колькасці ізатопа крыптону можна датаваць ўзоры ў дыяпазоне ад 40 тысяч да 1,5 мільёна гадоў, а суадносіны ўзроўню дэйтэрыю і звычайнага вадароду дазваляюць вызначыць крыніцу вады і ўмовы надвор'я.

Удалося прасачыць паходжанне падземных вод да дзвюх падзей — адна здарылася 38 000 гадоў таму, а другая каля 360 000 гадоў назад. Першы прыток узнік пры ўварванні паветраных мас з трапічных абласцей Атлантычнага акіяна. Другі быў звязаны са міжземнаморскім цыклонамі ў апошні ледавіковы перыяд, калі аб'ёмы ледавікоў дасягнулі максімальнага значэння.

Нубійскі ваданосны пласт з'яўляецца найбуйнейшым запасам выкапнёвай прэснай вады і займае плошчу больш за два мільёны квадратных кіламетраў. Паводле ацэнак, у ім 150 тысяч кубічных кіламетраў грунтавых вод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0