Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Метадалогія разліку інфляцыі ў Беларусі адпавядае міжнародным стандартам, а асабістае ўражанне ў людзей пра рост цэнаў вызначана тым, што часам асобныя групы тавараў па аб'ектыўных прычынах даражэюць хутчэй.

Праблему ўспрымання інфляцыі патлумачыла журналістам кіраўнік Белстата Іна Мядзведзева, перадае БелТА.

«На шэраг тавараў паўсядзённага попыту кошты растуць хутчэй, чым тая інфляцыя, якую мы разлічваем. Гэта датычыцца і паслуг ЖКГ, да нядаўняга часу — паліва. Таму насельніцтва ўспрымае інфляцыю па-іншаму.

Напрыклад, усе заўважаюць, што растуць цэны на муку і хлеб, і разумеюць прычыну — неўраджай мінулага года. Гэта рост аб'ектыўны», — адзначыла Іна Мядзведзева.

Паводле яе слоў, гэта зусім не значыць, што неабходна мяняць метадалогію статыстычных разлікаў. Тым больш што ў 2014 годзе Белстат спецыяльна запытаў у Міжнароднага валютнага фонду (які з'яўляецца распрацоўшчыкам кіраўніцтва па вымярэнні індэкса спажывецкіх цэн) тэхнічнага эксперта для ацэнкі адпаведнасці метадалогіі Беларусі міжнародным стандартам — не толькі ў частцы інфляцыі, але і ўсіх індэксаў, якія публікуе Белстат.

«Ён зрабіў заключэнне, што метадалогія, якую выкарыстоўвае Белстат, цалкам адпавядае міжнародным стандартам», — дадала Іна Мядзведзева. Гэта пацвердзіла і нядаўняя місія міжнародных экспертаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0