Справа заснавальніка сайта by24.org Уладзіміра Чудзянцова, затрыманага 21 лістапада на беларуска-польскай мяжы, перададзеная ў Следчы камітэт. Ведамства ўжо пачало праводзіць следчыя дзеянні і прызначыла экспертызы, паведамляе Еўрарадыё.

«Яму прад'яўлена абвінавачванне па частцы 1 артыкула 328, частцы 1 артыкула 14, частцы 1 артыкула 328-1 КК РБ. У цяперашні час ён утрымліваецца пад вартай у Брэсце. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта», — расказаў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік СК па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк.

За «кантрабанду» наркатычных рэчываў Уладзіміру Чудзянцову пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

21 лістапада брэсцкія мытнікі знялі Уладзіміра Чудзянцова з цягніка, які ехаў у Польшчу. У яго сумцы было знойдзена 0,87 грама марыхуаны. Сам Чудзянцоў, як паказаў агляд, не быў пад уплывам рэчываў.

Маці журналіста Ніна Зуева расказала, што ў той жа дзень у іх кватэры праваахоўнікі знайшлі яшчэ два пакеты з нейкім рэчывам. Пазней стала вядома, што гэта аказаліся каля шасці грамаў марыхуаны.

Ад дачы паказанняў Чудзянцоў адмовіўся. Яго арыштавалі на два месяцы, ён знаходзіцца пад вартай у Брэсцкім СІЗА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?