Нацбанк Беларусі прызнаў заганнай практыкай, паводле якой абсалютна ўсе пакупнікі пераплочваюць за тавары, якія можна купіць па картках растэрміноўкі («Магніт» ад Беларусбанка, «Халва» ад МТБанка, «Чарапаха» ад банка ВТБ, «Картка пакупак» ад Белгазпрамбанка).

Схема выглядае так: паколькі банк «прыводзіць» у краму новага пакупніка, то просіць за гэта бонус. Банк таксама закладае туды рызыкі за невяртанне грошай на карту растэрміноўкі.

Прычым памер узнагароды банка за аперацыю складае часам да 30% цаны за тавар.

У выніку крамы вымушаны закладаць у цану дадатковыя выдаткі і «раскідваць» іх на ўсіх пакупнікоў незалежна ад таго, ці карыстаюцца яны карткамі растэрміновак.

Пра гэта гаворыцца ў лісце Нацбанка.

З ліста вынікае, што для абмежавання такой схемы Нацбанк прапануе банкам браць з крамаў узнагароду, не большую за 4% ад кошту тавара.

Што гэта азначае? Аб гэтым расказаў эканаміст Дзмітрый Крук. 

«Нацбанк мяркуе, што распаўсюджаная практыка картак растэрміновак уплывае на цэны, але я асабіста сумняюся, што гэта ўплыў ажно да 30%, — кажа Крук. —

Калі кіравацца гэтай логікай, то ў лісце Нацбанка чытаецца жаданне запаволіць рост цэнаў, таму, магчыма, у рознічных сетках сапраўды адбудзецца нейкае зніжэнне цэнаў». 

Але эканамісту тут бачыцца і двухпавярховая стратэгія Нацбанка. 

«Ужо цягам года Нацбанк кажа, што ёсць хатнія гаспадаркі ў зоне рызыкі па сваім матэрыяльным стане. І мяркуе, што крэдытаванне фізічных асобаў трэба стрымліваць, а сродкі перанакіроўваць на крэдытаванне юрыдычных асоб: бізнэсу, прадпрыемстваў і гэтак далей. Маўляў, хуткае нарастанне крэдытавання «фізікаў» — гэта пагроза.

І другі момант — ўжо недзе з сакавіка 2019 года Нацбанк хоча, каб банкі не зараблялі на фізічных асобах нейкую «звышдаходнасць». І гэты ліст мусіць стаць яшчэ адным фактарам, які будзе матываваць банкі найперш крэдытаваць юрыдычныя асобы. Бо калі нарматыўна абмежаваць для крамаў магчымасць уключэння камісій банкаў у цану, то крамы стануць менш прывабнымі для банкаў і яны стануць скарачаць усе гэтыя інструменты кшталту «Халвы», і ў іх будзе больш свабодных рэсурсаў, якія можна накіроўваць у гэтак званы «рэальны сектар» — у бок юрыдычных асобаў», — дадаў Крук. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?