Асуджаны на сем гадоў турмы Мікіта Емяльяняў.
Анастасія Емяльянава — дачка следчага, які загінуў. І сама стала следчай па слядах бацькі. І муж у яе следчы — яны пазнаёміліся, калі вучыліся ў Акадэміі МУС. Сышла Анастасія са Следчага камітэта, каб гадаваць дзяцей — іх у сям'і чатыры, усе сыны. Дзяцей гэтая пара следчых гадавала ў беларускім духу і хрысціянскай веры. Усе дзеці прыслужвалі ў храме, у сям'і ніколі не святкавалі 23 лютага і 8 сакавіка: «ды і мае бацькі іх не святкавалі ніколі», — тлумачыць яна. Анастасія з мужам ведалі, што іх 19-гадовы сын анархіст, але не здагадваліся, што ён задумаў зрабіць. Арышт сына стаў для сям'і страшным выпрабаваннем. Як патлумачыць 5-гадоваму сыну, куды падзеўся яго брат? Але калі мама пачула жорсткі прысуд, яна ўспомніла адказ Тэадора Нарбута генералу Мураўёву.
Анархістам Івану Комару і Мікіту Емяльянаву далі па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі суворы прысуд яны атрымалі за тое, што кінулі лямпачкі з фарбай у сцяну Мінскага гарадскога суда і за тое, што кінулі кактэйль Молатава у дзверы турмы Валадаркі (праўда, нічога не загарэлася). Так хлопцы пратэставалі супраць рэпрэсіўнай сістэмы.
«У барацьбе за свабоду, справядлівасць і правы чалавека мэта апраўдвае сродкі», — сказаў Мікіта Емяльянаў у сваім апошнім слове ў судзе.
Шкоду ацанілі ў 140 рублёў за сцяну суда і ў 1,5 рубля — за дзверы СІЗА.
«Наша Ніва» сустрэлася з мамай аднаго з хлопцаў, Мікіты. Анастасія Емяльянава распавяла пра выхаванне сына, працу ў міліцыі і сваю рэакцыю на рашэнне суда.
Анастасія Емяльянава гадуе чатырох сыноў.
«Наша Ніва»: Вы былі ў зале суда падчас абвяшчэння прысуду. Што вы адчулі, калі суддзя сказаў: «7 гадоў»?
Анастасія Емельянава: Я, вядома, не чакала такога выніку. Не страчвала да апошняга моманту надзею, што будзе больш адэкватнае пакаранне. Думала, можа, будзе ўмоўны тэрмін ці адтэрміноўка — нешта такое, што б утрымлівала чалавека, вісела над ім як дамоклаў меч. Пакаранне, якое б матывавала яго да законапаслухмянай дзейнасці, каб чалавек ведаў, што калі яшчэ штосьці зробіць, то атрымае пакаранне.
Ну і я думала, што самым горкім выракам будзе пазбаўленне волі, але ж у нейкіх адэкватных межах. Баялася, што дадуць год ці два, ну максімальна, ужо зусім жахлівае пакаранне — тры гады. Сем гадоў — гэта было вельмі нечакана. Я разгубілася…
Іван Комар (злева) і Мікіта Емяльянаў падчас суда.
Адразу нахлынулі думкі пра сям’ю. У нас чацвёра дзяцей, Мікіта найстарэйшы з іх. Самаму малодшаму хлопцу — 5 гадоў. І дзеці мусяць расці разам, у адной сям’і, камунікаваць… А тут проста вырываецца адзін з братоў з сям’і — і што рабіць яго малодшым братам? Можа, ён забудзе Мікіту, пакуль той будзе сядзець? Я не ведаю.
Прыйдзецца, напэўна, фотаздымкі паказваць, што вось гэта твой старэйшы брат. Бо малы чакае яго, пытаецца: «А дзе Мікіта? Калі ён прыйдзе дадому?» Я пра турму не казала, адказвала, што Мікіта далёка, але мы чакаем яго і молімся, што ён вернецца. Спадзеў, што Мікіта вернецца, быў да апошняга. Малы пытаўся: «Мама, мы Мікіту чакаем?» Я адказвала: так, вядома, мы яго чакаем.
Нават такі банальны побытавы момант: я набывала дзецям печыва і казала, каб усё не з’ядалі, бо, можа, хутка Мікіта вернецца, каб яму пакінулі пакаштаваць… Цяпер тое печыва я перадала яму ў СІЗА.
Мы атрымлівалі пагрозы ў адрас нашай сям’і, што калі наш сын не будзе сябе паводзіць так, як патрэбна, то будуць наступствы. Я бачу, што пагрозы здзейсніліся, і прыходжу да высновы, што суд не быў незалежным, што на суд быў уплыў. Бо пакаранне неадэкватнае, яно несувымернае.
«НН»: Ад каго паступалі пагрозы?
АЕ: Я не магу гэтага сказаць, бо не адчуваю сябе ў бяспецы.
«НН»: У гэтых пагрозах быў канкрэтны тэрмін? Што «будзе яму 7 гадоў»?
АЕ: Не. Проста казалі: «Атрымае тэрмін».
«НН»: І як цяпер вы патлумачыце малодшым дзецям, дзе Мікіта?
АЕ: Сёння ўвечары скажу малому. Буду казаць, што ён за кратамі…
«НН»: А як патлумачыць такое 5-гадоваму дзіцяці?
АЕ: Буду тлумачыць усё, як ёсць. Старэйшыя хлопцы ўжо разумеюць і самі, што адбываецца, яны ўсё ведаюць.
«НН»: На ваш погляд, што гэта ўвогуле быў за ўчынак: кіданне фарбай, кактэйлем Молатава… Падлеткавая дурная дзёрзасць ці што?
АЕ: Ведаеце, можа, штосьці і падлеткавае… Але Мікіта мае ідэалы. Я хрысціянка, таму, напэўна, нельга казаць «кумір», але ідэалам у майго сына заўсёды быў Кастусь Каліноўскі. І можа, у яго была нейкая мара, нейкая рамантыка, штосьці такое. Але ж тое, што Мікіта патрыёт і што ён быў нязгодны з тым, што парушаюцца правы ў Беларусі — гэта факт. І гэта таму, што мы яго так выхоўвалі. Таму і атрымалася, што як сапраўдны патрыёт ён хацеў штосьці зрабіць. Вядома, не хацеў паліць тое СІЗА, каб яно згарэла і пацярпелі людзі. Ён хацеў зрабіць штосьці эфектнае. Падчас суда ён казаў, што хацеў проста такім чынам прыцягнуць увагу на праблемы.
Ды і анархісты ж бароняць правы жывёлаў, веганы, за экалогію… Калі яны пчолак там шкадуюць, то як будуць планаваць нейкую шкоду людзям? Канечне, нейкай шкоды ў яго думках не было.
«НН»: Пасля затрымання сына у вас быў вобшук?
АЕ: Так. З дзяцей тады быў толькі малодшы сын, я проста сказала яму: вазьмі цацкі, канструктар, пагуляй пакуль у іншым пакоі.
Забралі флэшку, здаецца. Але нічога падазронага не знайшлі.
«НН»: Чаму, на вашу думку, прысуд быў такі жорсткі?
АЕ: Мікіта сам казаў на судзе, што гэта была палітычная акцыя. І такім прысудам улада пацвердзіла, што справа палітычная. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем — менавіта праз гэты неадэкватны тэрмін, які яму прысудзілі.
Анастасія Емяльянава ў судзе. Фота «Радыё Свабода»
«НН»: Ці будзеце падаваць апеляцыю? Ці ёсць у гэтым сэнс?
АЕ: Нічога не магу сказаць. Я не ведаю.
***
«НН»: А раскажыце трохі пра сябе. Вы самі мінчанка?
АЕ: Так. Нарадзілася тут.
«НН»: Вы скончылі Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Што вас натхніла туды пайсці? Была нейкая рамантыка: хацелі працаваць у міліцыі, расследаваць злачынствы?
АЕ: Не, не рамантыка…
Мой бацька працаваў следчым. І загінуў. А я збіралася паступаць у Лінгвістычны на англійскую мову і рыхтавалася да гэтага. І раптам мне сказалі, што магу паступіць у Акадэмію МУС па-за конкурсам як дачка загінулага супрацоўніка Міністэрства унутраных спраў.
Я вырашыла паспрабаваць.
«НН»: Хацелі быць следчым, як бацька?
АЕ: Не, наадварот. Я падумала: бацька быў такі разумны чалавек, а я ж, напэўна, не такая… Я не ведаю, хто быў разумнейшы за бацьку. І падумала, што я не вартая быць следчай, таму пайшла на крымінальны факультэт. А ўжо калі скончыла, пераехала ў Віцебск. І так здарылася, што там пачала працаваць следчым. Але я не марыла пра гэта і не думала, што так атрымаецца.
«НН»: А як трапілі ў Віцебск?
АЕ: Мой муж з Віцебска. Мы ажаніліся на апошніх курсах, пасля вучобы ён вярнуўся туды. Я паехала за ім.
«НН»: З мужам пазнаёміліся падчас вучобы?
АЕ: Так, ён таксама вучыўся ў Акадэміі.
[Больш ніякіх пытанняў пра мужа Анастасія папрасіла не задаваць — Рэд.]
Пасля мы вярнуліся ў Мінск, недзе ў 2005 годзе, здаецца.
«НН»: Вы цяпер не працуеце ў міліцыі ўжо?
АЕ: Не. Я хатняя гаспадыня, займаюся дзецьмі.
«НН»: А чаму сышлі з працы?
АЕ: Следчым працаваць цяжка, маючы сям’ю. А і ў мяне, і ў мужа ужо не было бацькоў.
Некаторым жанчынам дапамагаюць сваякі, матулі, якія могуць пасядзець з дзецьмі. А мне сумяшчаць было вельмі цяжка. Крымінальныя справы маюць тэрміны, і калі ты сядзіш дома з хворым дзіцём, не працуеш, то тэрмін ідзе ўсё роўна… Кіраўніцтва не любіць такое.
Калі ўтварыўся Следчы камітэт, кіраўніцтва не вельмі хацела мець такога следчага як я, у якога трое дзяцей. Бо сумяшчаць было рэальна цяжка. Мне прапанавалі больш сціплую пасаду — перакладваць паперкі, можна так сказаць. Я пагадзілася. І пасля сышла.
«НН»: У вас не ўзнікала праблем на гэтай глебе з сынам? Мікіта — левы, анархіст, а яго бацькі не проста працуюць на дзяржаву, а яшчэ і міліцыянты.
АЕ: Не, такога не было. Мы заўсёды нармальна размаўлялі з сынам. Ён расказваў пра сваю цікавасць да анархісцкіх камунаў, да ідэалаў анархісцкага руху.
Я ведала, што анархісты не прызнаюць улады, хоць, на мой погляд, гэта тупіковая галіна развіцця грамадства. Я сама прыхільніца дэмакратыі. Але Мікіта казаў, што яму падабаецца, як жывуць па-за ўладай людзі ў камунах, мы дыскутавалі пра гэта.
Можа, я ці бацька мусілі яго пераканаць неяк… Не ведаю. Але мы не думалі, што ён будзе ў чымсьці ўдзельнічаць, ладзіць нейкія акцыі… Мы проста размаўлялі, абмяркоўвалі, спрачаліся наконт розных палітычных сістэм, развіцця грамадства. Нам з мужам, напрыклад, вельмі падабаецца сацыяльная мадэль Скандынавіі. Мы прыводзілі свае аргументы, Мікіта — свае.
Канфліктаў ніякіх не было. У нас вельмі дружная сям’я, зноў жа, можа, бо няма бабуляў-дзядуляў, толькі мы і дзеці. І мы трымаемся адно за аднаго.
Мікіта з мамай у Тэатры юнага гледача. «Глядзелі спектакль па п'есе Мальера «Не па сваёй ахвоце лекар», — узгадвае Анастасія.
«НН»: А не страшна было заводзіць чацвярых дзяцей? Сваякоў няма, беларуская эканоміка — штука нестабільная, заробак у міліцыі таксама не касмічны…
АЕ: Мы як хрысціяне проста радаваліся дзецям. Прымалі іх з радасцю.
«НН»: А вы праваслаўныя ці каталікі?
АЕ: Каталікі. Мы ходзім у касцёл, дзеці ходзяць.
«НН»: Мікіта таксама хадзіў?
АЕ: Так, кожную нядзелю мы ходзім у касцёл. Мікіта ж увогуле быў міністрантам, цяпер стаў лектарам, яго пасвяцілі. Цяпер міністранты нашы малодшыя дзеці.
Анастасія з сынам каля Чырвонага касцёла
[Міністранты — хлопчыкі, якія дапамагаюць падчас набажэнстваў. А лектар — той, хто зачытвае чытанне падчас імшы. — НН]
***
«НН»: Наколькі вы кантралявалі сына?
АЕ: Ды я ніколі не заўважала ў Мікіты чагосьці падазронага ці таго, што б насцярожыла. Нармальны, разумны хлопец. 19 гадоў, ужо дарослы. Тым больш ён вучыўся — на інжынера, спецыяльнасць звязаная з караблебудаваннем, эксплуатацыяй воднага транспарту — а пасля вучобы падпрацоўваў кур’ерам. Таму быў дастаткова самастойны.
Сацсеткі яго не пільную, але, здаецца, іх і не было ў яго — я сама нейкі час таму парэкамендавала сыну выдаліцца з Укантакце. Мне вельмі не падабаецца гэтая сацсетка, яна супрацоўнічае з праваахоўнымі органамі. Калі ўжо хочаш сядзець у сацсетках — сядзі ў іншых.
Так што былі звычаныя адносіны. Яго сяброў я не ведала. Але сын заўсёды начаваў дома. Мог пазнавата прыйсці, але гэта максімум. Калі затрымліваўся, званіў. Першая ноч, якую ён правёў не дома, — гэта калі яго затрымалі.
«НН»: Як і калі вы ўвогуле даведаліся пра тое, што зрабіў Мікіта? Толькі пасля затрымання?
АЕ: Так. Што там было ў тыя дні, калі яны кідалі лямпачкі з фарбай ці «кактэйль молатава», я ўжо і не памятаю. Здаецца, былі звычайныя дні, нічога такога, што б звярнула маю ўвагу, я не заўважыла.
«НН»: А як даведаліся, што сына затрымалі?
АЕ: Патэлефанавалі раніцай з міліцыі, паведамілі. Муж гаварыў. Пасля муж з’ехаў туды, я засталася дома. Дэталяў я ўжо не памятаю, калі шчыра.
«НН»: Што рабілі?
АЕ: Малілася. Я заўсёды малюся за сваіх дзяцей. Што я яшчэ магла зрабіць?
«НН»: Ці сустракаліся з ім за гэты час?
АЕ: Не, я ўбачыла яго толькі на судзе, калі мяне выклікалі як сведку. Гэта быў першы раз за тры з паловай месяцы.
«НН»: Лісты ён пісаў?
АЕ: Так, але там быў накладзены арышт на карэспандэнцыю, і пэўны час, пакуль ішла справа, не праходзілі лісты.
* * *
«НН»: Вы вельмі добра гаворыце па-беларуску, узгадваеце, што сын захапляўся асобай Каліноўскага…
АЕ: Мы так выхоўваем усіх дзяцей. Ну малыя, можа, пакуль не разумеюць гэтага, бо ёсць яшчэ ўплыў з боку школы, дзіцячага садка. У дзяржаўных установах адукацыі няма беларушчыны, мне падаецца. Там ранішнікі прысвечаныя 23 лютага, 8 сакавіка… Савецкая культура, якая і дагэтуль тут застаецца.
«НН»: А вы не святкуеце гэтыя святы?
АЕ: Не, ды і мае бацькі іх не святкавалі ніколі. 23 лютага — гэта ж дзень Савецкай арміі, што тут святкаваць.
«НН»: Пасля прысуду вы працытавалі Тэадора Нарбута…
АЕ: Гэтая гісторыя ці паданне, якое расказваў у адной са сваіх перадач Жыгамонт.
Калі ў Тэадора Нарбута загінуў сын, да яго прыйшоў генерал Мураўёў і сказаў: «Ну што, можа, зараз ты ўжо супакоішся?» Бо Нарбут быў гісторыкам і так выхоўваў дзяцей… супраць Расіі, карацей кажучы, за незалежнасць. І вось Мураўёў спытаў: ну што, можа зараз ты супакоішся, калі твой сын загінуў? А Нарбут адказаў яму: я маю яшчэ сыноў!
І я маю яшчэ трох сыноў і таксама выхоўваю іх патрыётамі і ў любові да Беларусі.
«НН»: Вам не сорамна за ўчынак сына?
АЕ: Не. Я не магу назваць сябе прыхільніцай анархізму. Але я ганаруся тым, што Мікіта хоць штосьці паспрабаваў зрабіць. Паспрабаваў прыцягнуць увагу да таго, што ў Беларусі ёсць палітвязні, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека. Як мог, ён паспрабаваў прыцягнуць увагу. І я шаную ягоны выбар.
«НН»: Але ці не шкадуеце…
АЕ: Вядома, я шкадую. Гэта ж мой сын! Вядома, я хачу, каб ён зараз быў са мною, дома, каб яго абняць! Вядома, я хачу гэтага! Але то быў яго выбар.