Кітай распрацаваў восем вакцын ад каранавіруса новага тыпу, некаторыя з іх ужо паказалі сваю эфектыўнасць на жывёлах. Пра гэта паведаміла ў аўторак на брыфінгу навуковы супрацоўнік Інстытута даследавання лабараторных жывёл пры Акадэміі медыцынскіх навук Цынь Чуань, піша ТАСС.

«Цяпер Акадэмія медыцынскіх навук праводзіць ацэнку эфектыўнасці васьмі вакцын. Работы па ацэнцы эфектыўнасці часткі з іх ужо паспяхова завершаны», — сказала яна.

Як адзначыла спецыяліст, тэсты праводзяцца на трансгенных мышах і макаках. Цяпер праводзіцца ацэнка магчымых пабочных эфектаў прымянення прэпаратаў і іх бяспекі. Па словах Цынь Чуань, пры дапамозе тэстаў на жывёлах навукоўцы таксама выяўляюць лекавыя сродкі, найбольш эфектыўныя супраць пнеўманіі, а таксама выяўляюць асноўныя спосабы перадачы каранавіруса.

Як адзначыў на тым жа брыфінгу дырэктар дэпартамента навукі і тэхнікі Міністэрства адукацыі КНР Лэй Чаоцзы, Кітай неўзабаве можа прыступіць да клінічных выпрабаванняў вакцын, распрацаваных вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны. «Распрацоўкі вакцын ад каранавіруса новага тыпу ў вышэйшых навучальных установах Кітая паспяхова рухаюцца. Ёсць надзея, што ў самыя кароткія тэрміны пачнуцца клінічныя выпрабаванні часткі з іх», — указаў ён.

Пры гэтым абодва спікеры не ўдакладнілі тэрміны пачатку клінічных выпрабаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0