Пасля ўсплеску эпідэміі каранавіруса ў Віцебску быў звольнены з пасады начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач. Ён доктар медыцынскіх навук, член Савета Рэспублікі.
Чытайце. Крыніцы: Каранік адхіліў начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама
Афіцыйна было абстаўлена так, што Дзяркач пайшоў у адпачынак. Але ў рэальнасці гэта не так.
Юрый Дзяркач, фота sb.by
Як вядома «Нашай Ніве», Дзяркач разжалаваны і з наступнага тыдня прыступае да работы ў якасці доктара-ардынатара ў першым тэрапеўтычным аддзяленні Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра.
Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзілі ў самім аддзяленні: «Юрый Дзяркач будзе на рабоце з панядзелка», — сказалі ў клініцы.
Дзяркач — пратэжэ ўплывовага экс-кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Касінца: з ягонага спрыяння Юрый Дзяркач трапіў на пасаду кіраўніка абласнога аблздарава.
Да таго Дзяркач будаваў навуковую кар'еру ў Віцебскім медыцынскім і Палескім дзяржаўным універсітэтах.
Гэта рэдкі выпадак, калі кар'ера члена Савета Рэспублікі зазнала такое крутое піке.