39-гадовага муляра Аляксандра Спірыдонава асудзілі як арганізатара ланцуга салідарнасці. Падставай стаў допіс у тэлеграм-канале «Могилёв для жизни», піша «Радыё Свабода».

На Спірыдонава склалі пратакол паводле 2-й часткі артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў». Паводле пратакола, Спірыдонаў хацеў арганізаваць акцыю, аналагічную той, якая прайшла ў Мінску 18 чэрвеня.

«Ланцуг салідарнасці» адбыўся 19 чэрвеня на Першамайскай вуліцы ў цэнтры Магілёва. На яго прыйшлі больш за сто чалавек. Акцыя працягвалася больш за гадзіну, пакуль яе не разагналі амапаўцы. Аляксандра Спірыдонава затрымалі і да суда трое сутак трымалі ў ізалятары.

У судзе Спірыдонаў сказаў, што ў якасці валанцёра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай дапамагаў праводзіць яе выбарчыя пікеты ў Магілёве. Таму і закліка́ў людзей прыходзіць падпісвацца за яе.

Амапаўцы Мікалай Екамюк і Ілля Баранаў, якія затрымалі Спірыдонава, выступілі на судзе сведкамі. Паводле іх, Спірыдонаў прыцягнуў увагу тым, што хадзіў уздоўж ланцуга людзей і здымаў іх на тэлефон.

У выніку суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Алена Літвіна адправіла Спірыдонава пад арышт на 15 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0