Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына — заўсёды актыўны каментатар выбарчай кампаніі. У прынцыпе, яе задача — проста арганізаваць працэс, але Ярмошына з радасцю разважае пра якасці кандыдатаў, расказвае, за каго, на яе думку, мусіць прагаласаваць грамадства.
Яе цытаты транслююць і дзяржаўныя, і недзяржаўныя СМІ.
Аднак у апошні час нешта змянілася.
Лідзія Ярмошына, фота Сяргея Гудзіліна
Ярмошына працягвае выступаць — напрыклад, 18 і 25 чэрвеня з’явіліся яе відэазвароты на сайце ЦВК, — але галоўныя дзяржаўныя СМІ яе… ігнаруюць.
Пошук па сайце БелТА паказвае, што апошняя згадка імені Ярмошынай — 11 чэрвеня. А пасля — цішыня.
Сайт «Советскай Белоруссіі» — 11 чэрвеня.
Белтэлерадыёкампанія — 10 чэрвеня.
АНТ — 10 чэрвеня.
Ёсць і некалькі выключэнняў. «Звязда» адрэагавала на абодва відэазвароты Ярмошынай, 18 і 26 чэрвеня. «Мінск-Навіны» — на адзін з іх.