Намеснік міністра замежных спраў КНР Чжэн Цзэгуан зрабіў сур'ёзнае прадстаўленне паслу ЗША ў Пекіне Тэры Брэндстэду пасля падпісання амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам законапраекта аб санкцыях у дачыненні да Кітая ў сувязі з сітуацыяй у Ганконгу, паведамляюць інфармагенцтвы.

«Я хацеў бы проста заявіць амерыканскаму боку: мы жорстка адкажам на любыя праявы гегемоніі і несправядлівыя выпады Злучаных Штатаў на адрас Кітая, — цытуе словы Чжэн Цзэгуана афіцыйная старонка МЗС КНР у сацыяльнай сетцы WeChat. — «Вялікія планы» Вашынгтона, скіраваныя на тое, каб затармазіць развіццё нашай краіны, асуджаныя на правал».

Намеснік міністра ўдакладніў, што ў Белага дома яшчэ ёсць час, каб задумацца і выправіць сітуацыю.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што падпісаў законапраект аб санкцыях у дачыненні да КНР у сувязі з сітуацыяй у Ганконгу, а таксама выканаўчы ўказ аб скасаванні гандлёва-эканамічных прэферэнцый. Тым самым гэты рэгіён губляе прывілеяваны статус у справавых адносінах са Злучанымі Штатамі і будзе разглядацца Вашынгтонам нароўні з мацерыковым Кітаем.

30 чэрвеня кітайскі парламент прыняў закон аб забеспячэнні нацыянальнай бяспекі ў Ганконгу. Ён накіраваны на прадухіленне такіх злачынстваў, як сепаратызм, тэрарызм, падрыў дзяржаўнай улады, змову з замежнымі сіламі, а таксама прадугледжвае ў якасці вышэйшай меры пакарання пажыццёвае зняволенне. Урад Кітая таксама стварыў у гэтым спецыяльным адміністрацыйным раёне органы дзяржбяспекі, на якія не будзе распаўсюджвацца юрысдыкцыя Ганконгскай адміністрацыі. Белы дом успрыняў гэтую ініцыятыву як парушэнне аўтаноміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0