Міліцыя працягвае запісваць на відэа людзей, затрыманых за нанясенне графіці. Пра два новыя выпадкі паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Так, 21 ліпеня, каля 23.00, у аператыўна-дзяжурную службу Фрунзенскага РУУС Мінска паступіў званок ад жыхара сталіцы, які паведаміў пра тое, што невядомы пад мостам наносіць надпісы на плітках і слупах.

Супрацоўнікі ППСМ Фрунзенскага РУУС затрымалі 45-гадовага работніка аднаго са сталічных банкаў. «Прычыну свайго ўчынку мужчына патлумачыў тым, што хацеў выказаць сваё меркаванне. За нанясенне абразлівых надпісаў у дачыненні да яго заведзеная крымінальная справа па арт. 341 КК (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Таксама 20 ліпеня, каля 2.30 ночы, супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС затрымалі мужчыну, які наносіў надпісы на пешаходную дарожку. Гэта аказаўся 35-гадовы жыхар сталіцы (імаверна, размова ідзе пра Максіма Субача).

Ён заявіў, што сваю віну ў здзяйсненні правапарушэння прызнае цалкам, у зробленым раскайваецца.

У дачыненні да мужчыны быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17. 1 (Дробнае хуліганства), а таксама 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Суд Цэнтральнага раёна пакараў яго 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

МУС ужо не першы раз публікуюць відэа з выбачэннямі затрыманых за нанясенне графіці і налепак, «накіраваных супраць існуючай выбарчай сістэмы, дзяржаўных органаў улады і ўпраўлення».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0