У Крамлі да аўторка, 28 ліпеня, не ведалі пра тое, што Аляксандр Лукашэнка перанёс каранавірус і не атрымлівалі адпаведную інфармацыю, але ўсе расійскія чыноўнікі, што з ім кантактавалі, здаровыя, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, паведамляе «Інтэрфакс».

«Не, мы не валодаем ніякай інфармацыяй, раней мы ніколі не чулі і не атрымлівалі інфармацыю пра тое, што Аляксандр Рыгоравіч хварэў на каранавірус», — сказаў Пяскоў журналістам.

Нагадаем, што напярэдадні Лукашэнка паведаміў, што дактары прыйшлі да высновы аб тым, што ён бессімптомна хварэў на каранавірус.

«У любым разе ўсе расіяне, з якімі ён кантактаваў, усе жывыя і здаровыя, усё нармальна», — сказаў Пяскоў.

У аўторак Пяскоў заявіў, што ў Пуціна ўсё ў парадку са здароўем.

«Што тычыцца нашага прэзідэнта, то ўчора мы ўжо адказвалі, з ім усё добра, здароўе ў парадку, як вы бачыце, актыўна працуе», — сказаў ён.

Па словах Пяскова, кіраўнік дзяржавы працягвае праходзіць тэставанне на каранавірус. «Па меры неабходнасці, па рэкамендацыях дактароў, вядома ж, ён тэстуецца», — сказаў прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.

Кіраўнікі Расіі і Беларусі асабіста сустракаліся 30 чэрвеня на адкрыцці помніка савецкаму салдату ў Ржэве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0