У парк Дружбы народаў, дзе сёння павінен прайсці мітынг-канцэрт у падтрымку Святланы Ціханоўскай, з раніцы нагналі шмат вайсковай тэхнікі, ёсць ваенна-палявая кухня нават.

Сёння там улады вырашылі правесці святкаванне Дня чыгуначных войскаў. Адбудзецца таксама афіцыйны канцэрт, дзе выступяць Аляксандр Саладуха і Жанет.

Кіроўцу штаба Святланы Ціханоўскай, што спрабаваў праехаць, каб пачаць разгружаць сваю тэхніку, аштрафавалі за тое, што пад'ехаў пад забаронены знак. Стрым вяло «Еўрарадыё». 

Такім чынам, каб легальна трапіць на сцэну, дзе будзе мітынг-канцэрт у падтрымку Ціханоўскай, трэба ісці з тэхнікай некалькі сотняў метраў.

Прадстаўніца штаба Вольга Кавалькова настойвае, што ніякага афіцыйнага паведамлення пра адмену мітынга яны не атрымлівалі. Вольга спрабавала дабіцца каментароў у супрацоўнікаў ДАІ, якія прысутнічалі на месцы, але яны сказалі, што трэба ехаць у РУУС.

Кавалькова выказала меркаванне, што сітуацыя з правядзеннем/не правядзеннем мітынгу праясніцца канчаткова пад абед. І не выключыла, што мітынг-канцэрт пройдзе на іншай пляцоўцы ў сталіцы. Хоць амаль усе яны таксама зарэзерваваныя пад мерапрыемствы афіцыйных уладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0