Дзесятая па ліку прэзентацыя аўдыёвыдання «Галасы Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968» адбудзецца 5 траўня (аўторак) а 18.30 у Гродна (вуліца Будзённага, 48а‑44, памяшканне ТБШ).
У імпрэзе прымуць удзел адзін з аўтараў праекту, паэт і журналіст Глеб Лабадзенка, і паэт Анатоль Вярцінскі. Музычнае аздабленне вечарыны — Алеся Зайцава (гурт «Босае сонца»).
«Галасы Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968» сталі вынікам супольнага праекта Сяргея Панізніка і Глеба Лабадзенкі (labadzenka.by). Выданне дыску было здзейснена дзякуючы падтрымцы культурніцкай кампаніі «Будзьма!» На плытцы — 23 унікальныя трэкі з жывымі галасамі трох класікаў беларускай літаратуры. 40 год таму на бабінны магнітафон «Рамантык» іх запісаў Сяргей Панізнік. Вершы дзядзькі Рыгора на дыску ідуць парамі: запіс 1968 года і сучасны варыянт, зроблены Глебам Лабадзенкам у студыі.
Прэзентацыя ў Гродна адбудзецца пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!».