25-гадовы Аляксандр атрымаў 3,5 года пазбаўлення волі. 32-гадоваму Міхаілу прызначылі 3 гады калоніі. Пакаранне яны будуць адбываць у калоніі агульнага рэжыму. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны, піша Tut.by.

Абодва абвінавачаныя раней не былі судзімыя, працуюць, халастыя. Паводле версіі абвінавачвання, яны аказалі «супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў падчас акцыі пратэсту 9 жніўня, звязаны з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення».

Пацярпелыя — два супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў. На судзе паказанні яны давалі змененымі галасамі з пакоя абароны сведак. У дзень выбараў яны былі на службе і «знаходзіліся ў групе выняцця агрэсіўных людзей з натоўпу». Адзін з пацярпелых атрымаў траўму нагі, два дні накульгваў, у яго ўтварылася гематома і пабольвала вуха. Да іншага гвалт не ўжываўся — гаворка ішла толькі пра пагрозу.

На судзе абвінавачваны Аляксандр распавёў, што ўвечары 9 жніўня ён вяртаўся дадому з офіса на вуліцы Будзёнага і каля ЦУМа убачыў вялікі натоўп людзей. Заўважыўшы там знаёмых і зацікавіўшыся, ён пайшоў разам з натоўпам. Каля СШ №15 шэсце спынілася, дарогу яму заступілі супрацоўнікі міліцыі са шчытамі, чалавек 50.

Па расказах Аляксандра, у натоўпе людзей ён распазнаў агрэсараў, пабег да іх і паспрабаваў іх супакоіць, а калі вярнуўся на сваё ранейшае месца, то ўбачыў, што паміж «людзьмі ў чорным» (гэта былі супрацоўнікі міліцыі) і цывільнымі пачалася бойка.

«У той момант я не здаваў сабе справы, што я раблю», — прызнаўся на судзе Аляксандр і дадаў, што хацеў спыніць бойку, але ў выніку трапіў нагой супрацоўніку проста ў сцягно.

Сваю віну ў зробленым мужчына на судзе цалкам прызнаў і сказаў, што раскайваецца.

Другі абвінавачаны — Міхаіл — прызнаў віну толькі часткова. Паводле яго слоў, 9 жніўня ён аказаўся ў цэнтры Брэста падчас велапрагулкі. Прыпаркаваць ровар каля гасцініцы «Інтурыст» і далучыцца да натоўпу пратэстоўцаў яго вымусіў перакрыты ў цэнтры горада рух.

Калі менавіта і якім чынам ён замахнуўся на супрацоўніка міліцыі, мужчына толкам не зразумеў. Але тое, што такі факт быў, у судзе ён не адмаўляў: гэты момант яму паказалі на відэа. Праўда, сам ўдар мэты не дасягнуў. А таму мужчына віну прызнаў часткова: прымянення гвалту не было, была толькі яго пагроза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0