«19-га мая з самай раніцы у Волі дома прайшоў ператрус. Дачка адразу патэлефанавала нам. Каб не траўмаваць псіхіку дзяцей, мы адразу забралі да сябе сямігадовага Мацвея і малодшую Анечку. Усе рэчы былі вывернутыя на падлогу, дома было ўсё перагорнута, канапу разабралі», — распавёў «Нашай Ніве» бацька Вольгі Андрэй. 

У сям'і канфіскавалі камп’ютар і мабільныя тэлефоны — як Волі, так і яе мужа Змітра.

Вольга Такарчук.

Вольга Такарчук.

Першапачаткова Вольгу забралі ў Першамайскі РУУС, цяпер, па інфармацыі адваката, яна ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

«У суботу ў дачкі міналі трэція суткі, і, каб не працаваць у суботу, следчыя дзеянні следчыя правялі ў пятніцу. Супрацоўнікі паднялі стары Волін стрым за Дзяды ад першага лістапада і сталі абвінавачваць яе ў грубым парушэнні грамадскага парадку ў той дзень. Хаця на відэа бачна, што Воля нават не выходзіла на праезную частку: яна ішла па ўзбочыне і здымала матэрыял для відэарэпартажу з мірнай дэманстрацыі для свайго ютуб-канала».

Андрэй Такарчук сам раней працаваў у міліцыі. Ëн кажа, што тое, што адбываецца з яго дачкой і іншымі беларусамі, у яго не ўкладваецца ў галаве:

«У мяне шок ад таго, што маці дваіх дзяцей — настолькі небяспечны злачынца з яе стрымамі за хатнім камп’ютарам, што страшнейшага чалавека няма. Ва ўсіх маіх калег з міліцыі таксама шок, што за такую дробязь чалавека пазбаўляюць волі».

У гэтым месяцы Вольгу ўжо затрымлівалі: 14 мая яе забралі каля пад'езда і пратрымалі ў Першамайскім РУУС шэсць гадзін, абвінавачваючы ў тым, што яна гучна мацюкалася каля РУУС і размахвала рукамі. У той дзень Вольгу адпусцілі дадому без пратакола, але яна сама ў інтэрв’ю пасля прызнавалася, што перажывае з гэтай нагоды: ««Пасля такога фокуса сяджу як на іголках. Пакуль у іх не атрымалася мяне закрыць, але хто ведае, наколькі далёка яны пойдуць далей. Не па сабе ад невядомасці»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?