Сёння скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання нашаніўцаў. На свабоду выйшаў галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, пад абавязальніцтва аб яўцы. Марціновіч і Скурко застаюцца ў ізалятары на Акрэсціна, у бліжэйшы час іх павінны перавесці ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Яны праходзяць падазраванымі па ч.2 арт. 216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры прадпрыемству «Мінэнэрга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.

Пра меру ўтрымання стала вядома каля 19 гадзін, хоць рашэнне павінны былі прыняць да 13:00 па Скурко і да 13:40 па Марціновічы. Па дадзеным факце ўжо накіраваная скарга ў пракуратуру горада Мінска.

Нашыя калегі знаходзяцца на Акрэсціна ў невыносных умовах, з 8 ліпеня яны не маюць зменнага адзення і бялізны, мінімальных сродкаў гігіены, ім не выдаюць матрацы і пасельную бялізну, — усё гэта ў невыноснай спёцы. У Скурко — дыябет, адвакат кажа, што за апошнія дні ён моцна схуднеў. Марціновіч пры затрыманні быў збіты, у СК яму выклікалі хуткую дапамогу, у яго траўма галавы.

Перадачы ад сваякоў прынялі, але вязням не аддалі. Кіраўніцтву Міністэрства ўнутраных справаў пра гэта вядома, сваякі звярнуліся з заявай на прамую лінію ячшэ 17 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0