Дыскаграфія, Ірына Відава,, IV, ТДА «Гриол», 2009.

Альбом са шматабяцальнай назвай (такая ж у чацвертай кружэлкі Led Zeppelin) пры павярховым знаёмстве апынуўся бляклай ксеракопіяй другаснай расійскай папсы нават не з шэрагу Сенчуковай і Салтыковай. Ёсць такое тэлешоў‑здзек — «Мобильные блондинки».

Дык там дзяўчаты пяюць тую ж лухту, што і нашая(?) спявачка, але ў аранжыроўкі іх рэальна ўкладаюцца людзі — грашыма, часам, а мо нават і мазгамі. Відавочна, што ў гэты альбом замала ўклаліся і тым, і другім, і трэцім. А фота спявачкі на вокладцы ў скураных садамазаапранахах робіць сваю справу да канца — хочацца найхутчэй забыцца на тое, што ты бачыў (чуў).

Бянтэжыць прыналежнасць да гэтага правінцыйнага цырку паважанага чалавека — аўтара адной з самых выдатных беларускіх песняў — «Малітвы» на словы Купалы, якую пяяў Мулявін.

У рэкламе дыску на поўным сур’ёзе вядзецца, што «вядомы кампазітар Алег Молчан выступіў у ролі не толькі аранжыроўшчыка, але і саўндпрадусара, а ўсе песні, якія дагэтуль былі ў ратацыі, былі перааранжыраваныя і перазапісаныя адмыслова да выхаду дыску для надання альбому цэльнасці». Страшна падумаць, якія гэтыя песні былі раней.

Трэк з прэтэнзіяй — «Тают чувства». Чаму б не зрабіць інтэлектуальны альбом лёгенькай музыкі ну хоць бы пад «Квартал»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?