Юлія Юргілевіч. Фота: gka.grodno.by
Юргілевіч абараняла некаторых палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцара і іншых.
Адной з апошніх кліентак Юргілевіч была 69-гадовая жыхарка Ваўкавыска Галіна Міхальчук, якой далі 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за каментарыі ў Тэлеграме. Падчас спрэчак на гэтым судзе Юргілевіч сярод іншага сказала:
«Вядома, высокі суд, я б вельмі хацела ўбачыць гэтых асобаў (пацярпелых міліцыянтаў) на судовым пасяджэнні па адной прычыне: хацелася б мне паглядзець ім у вочы. Як яны выконвалі свае службовыя абавязкі, як яны выходзілі на вуліцу, як яны выходзілі ў форменным абмундзіраванні, як яны ажыццяўлялі патруль вуліц у тыя цяжкія для іх дні?
І як яны, такія мужныя людзі, якія ажыццяўлялі ахову нашай дзяржавы ў такі неспакойны час, маглі цяпер перажыць такія маральныя пакуты на 1000 беларускіх рублёў, якія яны просяць спагнаць з пенсіянеркі, якая атрымлівае 538 рублёў пенсіі?»
Выключэнне з адвакацкай калегіі азначае пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі і забарону на працу, бо ў Беларусі немагчымая адвакацкая дзейнасць па-за дзяржаўнымі адвакацкімі калегіямі.