Фота: Nomadsoul1 / depositphotos.com

Фота: Nomadsoul1 / depositphotos.com

Пад Кіеў у нядзелю расіяне працягвалі сцягваць тэхніку з Беларусі. Магчыма, тут плануецца генеральны наступ. Але ў ноч на нядзелю бой у Ірпені скончыўся поўным разгромам расійскай танкавай калоны. На відэа бачна, як дыміцца знішчаная тэхніка і ляжаць целы. Яшчэ большая калона расійскай тэхнікі была цалкам знішчаная ў іншым прыгарадзе Кіева, Бучы, піша «Уол-стрыт джорнал».

Дарадца Зяленскага Аляксей Арастовіч паведаміў у нядзелю, што, паводле звестак украінскай разведкі, насуперак публічным заявам Лукашэнкі, беларуская армія гатовая ўступіць у канфлікт на расійскім баку.

Аднак дарадца Зяленскага папрасіў не перабольшваць ваеннага значэння такога кроку, бо ў Беларусі ўсяго 45 000 салдат, з іх толькі 17 000 баяздольных, прычым, на думку Арастовіча, многія з іх не рвуцца ваяваць з суседзямі.

Украіна заявіла, што ў нядзелю па аэрапорце Жытоміра быў нанесены ўдар балістычнай ракетай з Беларусі, а іншую балістычную ракету, выпушчаную па Кіеве, удалося збіць.

З кожным днём заявы кіраўнікоў Украіны гучаць усё больш упэўнена, піша «Уол-стрыт джорнал». Здаецца, упарты і рэальна ўсенародны супраціў сарваў план Пуціна знішчыць ланцужкі камандавання і бліцкрыгам знесці ўкраінскае кіраўніцтва.

Аналітыкі адзначаюць, што ва ўкраінскіх руках выдатна зарэкамендавалі сябе супрацьтанкавыя і супрацьпаветраныя ракеты, якія Украіна атрымала ад краін Захаду напярэдадні ўварвання.

Украінскае грамадства рашуча аб’ядналася вакол дзяржаўных уладаў. Сацыёлагі далі звесткі, што 90% украінцаў ухваляюць дзеянні Зяленскага і каля 70% вераць у перамогу Украіны.

Прэзідэнт Зяленскі ў нядзелю абвясціў пра стварэнне Міжнароднага легіёна пры ўкраінскай арміі, па аналогіі з інтэрбрыгадамі, якія ў 1930-я абаранялі ад фашыстаў Іспанію. Заканадаўства Украіны не забараняе іншаземцам служыць ва ўкраінскай арміі, і Зяленскі заклікаў усіх ахвотных звязвацца з вайсковымі аташэ ўкраінскіх пасольстваў.

«Гэта не толькі напад Расіі на Украіну, гэта пачатак вайны супраць Еўропы. Супраць адзінства Еўропы. Супраць фундаментальных правоў чалавека ў Еўропе», — сказаў Зяленскі.

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас сказала Бі-Бі-Сі ў суботу, што будзе вітаць уступленне брытанскіх грамадзян у гэтыя часці. Яна заявіла, што цяпер ідзе бітва за свабоду «не толькі Украіны, але і ўсёй Еўропы».

Міжнародная супольнасць даўно не была такой адзінай, як у адказе на цынічнае ўварванне ва Украіну. Панядзелак можа стаць днём абвяшчэння такіх санкцый, з якімі Расія яшчэ не сутыкалася — аж да замарожвання валютных рэзерваў. ЗША і Еўрасаюз распачынаюць пастаўкі зброі Украіне — гэта больш не шлемы, гаворка нават пра самалёты-знішчальнікі. Нават Германія, якая раней устрымлівалася, прыняла рашэнне паставіць Украіне сотні «Стынгераў» і «Джавелінаў». А МВФ, як чакаецца, выдзеліць Украіне шматмільярдную дапамогу.

Здаецца, Масква не чакала ні такой сілы супраціву ўкраінцаў, ні такой рэакцыі свету. Ëсць небяспека, што, каб дабіцца сваіх мэтаў, Пуцін аддасць загад на яшчэ больш жорсткія бамбардзіроўкі.

За першыя 4 дні вайны, як паведамляе Міністэрства аховы здароўя Украіны, загінулі 352 мірныя жыхары, у тым ліку 14 дзяцей. Мільёны людзей ва ўкраінскіх гарадах гэтую ноч праводзяць у бомбасховішчах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0