Дэлегацыі Расіі і Украіны перад пачаткам перамоваў у Стамбуле. 29 сакавіка 2022 года. Выступае прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. 

Дэлегацыі Расіі і Украіны перад пачаткам перамоваў у Стамбуле. 29 сакавіка 2022 года. Выступае прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. 

Перамовы Расіі з Украінай, перанесеныя з Беларусі ў турэцкі Стамбул, набылі ў апошні тыдзень пэўную канкрэтыку і выразную канфігурацыю. Абодвума бакамі было абвешчана, што канкрэтна на іх абмяркоўваецца, а некаторыя пастулаты здзівілі ды нават абудзілі нясмелую надзею на тое, што прынамсі першы этап актыўнай фазы вайны, магчыма, і набліжаецца да заканчэння.

Галоўнае — куды больш згаворлівай стала на ўзроўні рыторыкі Расія. Ужо не ідзе гаворка пра фальшывую «дэнацыфікацыю» і дэмілітарызацыю, прынамсі на словах расіяне гатовыя задаволіцца гарантыямі неўступлення Украіны ў НАТА. Вядзецца гаворка пра гарантыі бяспекі Украіне, і нібыта Расія не мае нічога супраць яе далучэння да Еўрасаюза. Ды што там казаць: нават пытанне адносна прыналежнасці Крыма ўжо не разглядаецца як вырашанае раз і назаўсёды, гучалі словы пра тое, што і яно можа стаць прадметам абмеркавання…

Не вельмі, канечне, верыцца, што Крэмль пойдзе на настолькі радыкальныя саступкі. Але ў цэлым выглядае, што Расія праз месяц вайны ўсё ж усвядоміла, што першапачатковых мэтаў дасягнуць ёй не ўдалося і не ўдасца, а таму трэба неяк з той сітуацыі, якую сама сабе безразважліва стварыла, неяк выбірацца. І гэта не толькі пустыя словы, бо сярод іншага мы бачым, што расійскія войскі сапраўды пакідаюць пазіцыі на поўначы Украіны і адступаюць ад Кіева. 

Вядома, гэта не азначае канец вайны ўжо цяпер, яна, хутчэй за ўсё, пакуль што нават больш інтэнсіўна працягнецца на іншых кірунках. Але ў той жа час зразумела, што і людскія ды матэрыяльныя страты на вайне не праходзяць для Расіі без наступстваў, і беспрэцэдэнтныя міжнародныя санкцыі дзейнічаюць, як бы Крэмль ні храбрыўся і не рабіў добрую міну пры кепскай гульні. Таму перамовы, відаць, будуць ісці, і пры іх паспяховым развіцці сярод іншага, думаю, можна чакаць і пэўных дамоўленасцяў, непасрэдна звязаных са становішчам Беларусі.

Хтосьці, дачытаўшы да гэтага месца, раздражнёна ўсклікне: прычым тут Беларусь увогуле? Яе будучыня, маўляў, у руках саміх беларусаў, і ніхто іх праблемы за іх жа не вырашыць. А трэба таму брацца іх самім вырашаць, а не спадзявацца на тое, што вырашаць іншыя. 

Такі погляд не пазбаўлены рацыі, але толькі часткова. Сапраўды, за беларусаў усе іх праблемы ніхто не вырашыць, і так ці іначай, але актыўна выступіць і ўзяць справу ў свае рукі ім давядзецца. Але тое, як складваецца міжнародная кан’юнктура, таксама мае пры гэтым вялікае, а нярэдка і вырашальнае значэнне. Напрыклад, Варшаўскае паўстанне 1944 года было несумненна выдатным гераічным вобразам польскага народа, менавіта спробай узяць у пэўны вырашальны час адказнасць за будучыню сваёй краіны ў свае рукі. Але мы ведаем з гісторыі, які сумны вынік гэта мела. Галоўнай жа прычынай правалу гэтага выступлення была менавіта неспрыяльная знешняя кан’юнктура. 

Беларускі кантэкст пакуль што на перамовах Украіны з Расіяй не гучыць, прынамсі пра гэта наўпрост не гавораць спікеры з абодвух бакоў, каментуючы іх прамежкавыя вынікі. Але калі перамовы найбліжэйшым часам не зойдуць у тупік і будуць працягвацца ды развівацца, то пытанне Беларусі непазбежна мусіць падчас іх узнікнуць.

І нават можна прадбачыць, калі менавіта: тады, калі гаворка будзе ісці пра абмеркаванне канкрэтных гарантый бяспекі для Украіны. Бо беларускае пытанне мае да гэтага абсалютна непасрэднае дачыненне. Прытым яно закранае інтарэсы не толькі Украіны, але і іншых дзяржаў, якія з ёй мяжуюць — членаў НАТА. 

Ні для каго не таямніца, а ўкраінцы на розных узроўнях, ад прэзідэнта да простага абывацеля, увесь час імкнуцца гэта падкрэсліваць, што тэрыторыя Беларусі адыграла немалое стратэгічнае значэнне ў рэалізацыі расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яе выкарыстанне зрабіла магчымай атаку з першых дзён вайны Кіева, з беларускіх аэрадромаў вылятае бамбіць украінскія гарады варожая авіяцыя, адсюль запускаюцца ракеты на аб’екты, размешчаныя на поўначы і захадзе Украіны. Праз Беларусь расійскім войскам падвозяцца падмацаванні, наладжанае забеспячэнне, у Беларусь расійскія падраздзяленні выводзяцца для адпачынку і лячэння. Пералік можна працягваць.

Гэта тое, што ўжо адбылося і адбываецца як факт. Але ж гэтым не абмяжоўваецца.

Тэрыторыя Беларусі ўбітая клінам паміж Украінай і яе ўсходнееўрапейскімі саюзнікамі, і з яе прасцей атакаваць не толькі ўкраінскую, але і польскую, а асабліва літоўскую сталіцу

— ад Вільні да мяжы з Беларуссю ўсяго трыццаць кіламетраў. Плюс усім вядомая праблема Сувалкаўскага калідора. 

Зыходзячы з усяго гэтага, сярод мінімуму патрабаванняў, якія лагічна мусяць ставіцца і ўкраінскім, і, шырэй кажучы, заходнім бокам пры любых мірных паразуменнях з Расіяй з гарантыямі для Украіны — гэта вывядзенне з Беларусі расійскага вайсковага кантынгенту.

І яно можа ставіцца тым больш цвёрда і бескампрамісна, што цяперашняя прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі грунтуецца на вельмі хісткіх прававых падставах. Дакладней, падстаў гэтых няма зусім: войскі насуперак усялякім дамоўленасцям проста не выведзеныя пасля вучэнняў. 

Калі б у Беларусі працяглы час існавалі стацыянарныя расійскія вайсковыя базы, размешчаныя ў адпаведнасці з міжнароднымі дамоўленасцямі — то пытанне было б куды складанейшым. Тады згода на іх дэмантаж — сапраўды такі крок, на які ўладальніку гэтых базаў складана пайсці, бо гэта амаль капітуляцыя.

А ў цяперашняй сітуацыі нейкіх сур’ёзных аргументаў, чаму войскі ў Беларусі маюць захавацца, у Расіі, пазбаўленай магчымасці дзейнічаць так нахабна і з ігнараваннем любых міжнародных законаў, як яна ў апошнія гады прызвычаілася, проста няма.

Вывад жа з Беларусі расійскіх войскаў значна мяняў бы сітуацыю для нашай краіны. Так,

улічваючы поўную залежнасць захавання рэжыму Лукашэнкі ад падтрымкі Крамля і практычнай страты рэжымам усялякіх магчымасцяў для манеўраў, увогуле Беларусь са сферы ўплыву Масквы гэта не выводзіла б. Але гэта прынамсі вяртала б ёй хоць бы якую суб’ектнасць.

Бо ўсё ж такі фактычная акупацыя з размяшчэннем на тэрыторыі іншаземных войскаў і без іх — дзве вялікія розніцы. Акупацыя Беларусі зноў рабілася б не знешняй, а, як часта гавораць палітыкі і палітолагі, унутранай. А з такой змагацца і ёй супрацьстаяць усё ж лягчэй, асабліва калі замежнапалітычная кан’юнктура будзе далей паляпшацца.

Як будуць развівацца падзеі далей і непасрэдна на франтах расійска-ўкраінскай вайны, і ўнутры Расіі, і на міжнароднай арэне — прагназаваць цяжка. Занадта шмат тут фактараў, пра якія мы нічога толкам не ведаем і ў лепшым выпадку можам толькі здагадвацца. Несумненна толькі адно: для Беларусі ў яе цяперашняй сітуацыі міжнародны кантэкст мае значэнне ніяк не меншае за ўнутраны. І менавіта ўдалае спалучэнне гэтых двух чыннікаў у перспектыве мусіць стварыць для нас тое славутае акно магчымасцяў, якое мы патэнцыйна зможам скарыстаць. У гісторыі гэта з’ява звычайная.

Чытайце таксама:

Крыніцы ў Крамлі: Атачэнне Пуціна ўжо не спадзяецца, што Расія возьме Кіеў. Але сам Пуцін, магчыма, яшчэ хоча

Мядзінскі: Украіна гатовая выканаць прынцыповыя патрабаванні, на якіх настойвае Расія

«Як мужыкам на перадавой у вочы глядзець?» Рэакцыя прарасійскіх паблікаў на перамовы ў Стамбуле

Падаляк распавёў, як будзе працаваць дамова аб гарантыях бяспекі Украіны

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?