Барысаўскі БАТЭ значна ўскладніў сабе задачу выхаду ў Групавы этап Лігі Еўропы пасля хатняга паражэння ад балгарскага "Літэкса" ў першай сустрэчы.
Першы тайм прайшоў у роўнай барацьбе, каманды прыкладна аднолькава атакавалі і білі па варотах, але ў асноўным ўдары ішлі міма рамкі. Толькі аднойчы Сяргей Крывец са штрафнога патурбаваў сербскага варатара "Літэкса" Галубавіча.
Тым не менш самы рэальны шанец адкрыць лік у першай палове гульні мелі беларусы. На 42-ой хвіліне Максім Скавыш невытлумачальным чынам прамахнаўся па варотах пасля ўдару галавой.
У другім тайме повадаў хапацца за галовы ў заўзятараў на паўнюткай барысаўскай арэне было нашмат болеш. Ужо ў самым пачатку тайму нарвежскі рэферы не зафіксаваў гульню рукой у штрафной абаронцам "Літэкса".Хапала момантаў і так.
БАТЭ цалкам прыбраў ініцыятыву да сябе. "Літэкс" абсалютна нічога не мог зрабіць у атацы. І трэба ж такому здарыцца — барысаўцы самі прывезлі гол у свае вароты.
Абаронца нацыянальнай зборнай Сяргей Сасноўскі няўдала скінуў мяч варатару, фактычна падарыўшы нападніку суперніка выхад адзін на адзін. Гутар з першым ударам справіўся, але дабіванне бразільскага легіянера Сандрыньё стала ракавым.
Праўда, ужо праз хвіліну БАТЭ меў шанец адыграцца, але з ударам Паўла Нехайчыка цудоўна справіўся сербскі галкіпер гасцей. БАТЭ не збаўляў абаротаў да фінальнага свістка, але забіць так і не змог — 0:1.
Пасля матчу Віктар Ганчарэнка заявіў, што не можа папракнуць сваіх хлопцаў, бо яны дзейнічалі добра. На ягоную думку, шанцы яшчэ не страчаныя і ўсё вырашыцца праз тыдзень у Балгарыі.