Пра «Белсат»

— Колькі каштуе год утрымання «Белсата»?

— Цяпер — 10 млн даляраў. («Тэлебудка» прыводзіць параўнанне, што бюджэт Белтэлерадыёкампаніі — 41 млн даляраў).

— Трыманне тэлефармату — наколькі яно апраўданае?

— Вельмі. Бо калі былі сітуацыі, што цалкам блакавалі інтэрнэт, напрыклад, не раз у жніўні 2020 года, у нас была магчымасць вяшчаць праз спадарожнік.

Па-другое, ты мусіш трымаць якасць — павінна быць прыстойнае асвятленне, павінна быць студыя, усё павінна быць добра зроблена. Інтэрнэт можна выключыць, а спадарожнік можна толькі збіць.

— Наконт рускамоўнага вяшчання. Шмат стрымаў пускаецца на рускай мове, і вы самі казалі, што беларусы ў большасці рускамоўныя, і што гэта трэба змяніць. Як гэта вяжацца з тым, што пашыраюцца рускамоўныя праграмы?

— Мяне з самага пачатку крытыкавалі за тое, што мы працуем па-беларуску, але ў мяне была абсалютная ўпэўненасць, што мы павінны вяшчаць па-беларуску. У тым ліку і з чыста маркетынгавых прычын, бо ёсць сотні рускамоўных каналаў. Я лічу, што фанатызм нікому не служыць [на карысць], у тым ліку і ў моўным плане. То-бок мова Беларусі — беларуская. Але факт, што многія беларусы выхаваныя пераважна на рускай мове. І няправільна ім штосьці навязваць гвалтам. Гэта павінна ісці арганічна. І ў пэўны момант так і будзе. Павінна быць адукацыя па-беларуску. І тады ўсё прыйдзе цалкам. Але гэта немагчыма зрабіць толькі з дапамогай аднаго тэлебачання.

У той жа час у нас ёсць украінскі глядач, ёсць расійскі, ёсць глядач у Казахстане. Так «Белсат» пашыраецца на былы Савецкі Саюз. Нашы рэпартажы пра падзеі ў Казахстане мелі мільённыя прагляды, гэта кажа само за сябе.

— У першыя гады «Белсата» існавала назіральная рада з вядомых беларусаў. Дзе скончылася гэтая дзейнасць і хто цяпер кантралюе, з кім абмяркоўваецца, што рабіць?

— Я і мае намеснікі — галоўныя людзі, рэдактары ў камандах таксама.

— Назіральная рада сябе не апраўдала?

— Назіральная рада проста самараспусцілася. Гэта было, напэўна, звязана з чарговай спрэчкай пра рускую мову. Дзе наш любімы сябра рады Алег Трусаў абвінаваціў нас у здрадзе і амаль спытаў, колькі грошай мы ўзялі за прысутнасць тут Хадаркоўскага. Хаця мы ад таго не бачылі ні даляра, як ні шкада. Мяркую, пра гэта тады ішла гаворка, дакладна не памятаю.

Ведаю, што з радай, на жаль, атрымалася вельмі кепска… Міхал Анемпадыстаў, да жалю, памёр. Ён быў добрым духам гэтага праекта.

Пра гістарычныя паралелі

— Часы Салідарнасці і ваеннага стану ў Польшчы — наколькі блізка па адчуваннях з тым, што цяпер перажывае Беларусь?

— Так, але ў Беларусі горш. Проста горш, і гэта адназначна. Цяпер, вядома, усё суцішылася. Пасля вясны 1982-га ў Польшчы таксама пачало сціхаць. Напрыклад, актыўнасць апазіцыі, ахвотных стала меншай, людзі баяліся ўсё больш. А ў Беларусі тэрор значна мацнейшы, і іншыя магчымасці. Паколькі цяпер ёсць мабільныя тэлефоны, можна сачыць за кожным праз тэлефон. У вас ёсць камеры назірання паўсюль у горадзе. Вельмі цяжка зрабіць нешта значнае ў Беларусі ў цяперашні час. У Польшчы ўвесь час працягваў дзейнічаць незалежны выдавецкі рух.

У Беларусі, на маю думку, цяпер стадыя прасядання, але ў той жа час ёсць адчуванне, што некаторыя рэчы ўжо відавочныя. Незалежна ад таго, ёсць у Лукашэнкі 20 ці 30% прыхільнікаў, астатнія 70 працэнтаў яго ненавідзяць. Гэта не так, што нейкая група ненавідзіць яго, а астатнія сумняваюцца. Я перакананая, што большасць шчыра яго не зносіць. Я проста не сумняваюся. Так адбывалася і ў Польшчы. Было цалкам відавочна, што камуністы павінны сысці цяпер.

— Асабіста для вас тое, што адбылося ў жніўні 20-га было неспадзяваным?

— У такім маштабе — так, але агулам — не.

Я бачыла з 2017 года, што нешта адбудзецца. У ліпені я хадзіла ад аднаго да другога нашых палітыкаў: «Там нешта будзе». Такім чынам я пераканала нашага важнага палітыка Яраслава Качыньскага, з якім я размаўляла. Я сказала яму: калі дзве тысячы чалавек выходзіць на дэманстрацыю ў Ваўкавыску, вы разумееце, што нешта адбываецца.

І бела-чырвона-белыя сцягі былі для мяне нечаканымі.

— Мы размаўляем у лютым 2022 года, але калі паралель правесці з польскай гісторыяй, дзе б вы знайшлі гэтую Беларусь, калі перакласці на польскую гісторыю — які гэта год?

— 1982-1983. Бо ў нашай краіне тэрор хутка зменшыўся, а тут ён доўжыцца паўтара года. І ўсё трымаецца ў найвышэйшым напружанні.

У нас людзі не атрымоўвалі 14-18 гадоў, бо гэта было немагчыма.

Я лічу, што павінны сустрэцца дзве асноўныя рэчы: сталасць грамадзянскай прагі свабоды, воля да свабоды і гістарычны момант у палітычным сэнсе. «Гістарычнае акно», у якое трэба было ўскочыць і схапіцца. Без гэтага вельмі цяжка. Бо, на жаль, у Беларусі за спінай Пуцін і Расія.

Пра люстрацыю

— Люстрацыі ў Польшчы не было?

— Яна ў Польшчы і была, і не. Яна ўсё ж была, але была так позна, што магла і не быць. Мой бацька быў аўтарам аднаго з першых праектаў люстрацыі, але яго не зацвердзілі. І я думаю, што ў Беларусі тая ж праблема будзе. Безумоўна, што абавязкова трэба будзе зрабіць, — уважліва пераглядзець суддзяў і, як мага хутчэй, выкінуць тых, хто найбольш шчыраваў. Таму што гэта як чума, якая застаецца, як інфекцыя.

Я думаю, каб зрабіць люстрацыю ў Польшчы, а не вагацца, то было б лепш.

Аўтарытэты вельмі важныя ў жыцці грамадства. Да чаго трэба імкнуцца, а што трэба адкласці ў бок. А ў Польшчы ўсё змяшалася. Перш за ўсё трэба цаніць выдатныя ўчынкі, калі яны сапраўды мелі месца.

— Але каму ацэньваць? Вось пытанне. Я прывяду прыклад. Калі мы складалі спіс на санкцыі ў сферы культуры — проста прапановы і абмеркаванне — і спыталі, хто яшчэ можа быць, бо мы пералічылі тых людзей, якія звальнялі і выкідвалі студэнтаў, якія звальнялі па палітычных поглядах, якія ўдзельнічалі ў стварэнні чорных спісаў, блакавалі артыстаў. І першым каментам Алесь Пушкін напісаў: «Павел Латушка». Мусіць быць у гэтым спісе, хаця ён дапамагаў нам яго ствараць. І вось у гэтых момантах, хто можа судзіць?

— Ну, няпроста. Напрыклад, мой бацька быў прыхільнікам паўднёваафрыканскага варыянта, яны стварылі камісію «праўды і яднання». Калі ты пераглядзеў свае погляды і потым працаваў на незалежнасць Беларусі і свабоду, гэта цябе неяк рэабілітуе за тое, што ты рабіў раней. Я памятаю Паўла Латушку вельмі добра, ён уцякаў ад мяне, калі быў амбасадарам. Памятаю, мы сустрэліся ў амбасадзе Літвы, ён хваляваўся, каб раптам не сказаць мне «добры дзень», бо ён вельмі баяўся.

Мінулае нікуды не падзенецца, але асоба можа быць рэабілітаваная паводле нейкіх крытэрыяў.

— Ці варта з люстрацыі рабіць шоу, ці гэта павінна быць у цішы кабінетаў?

— Так альбо іначай гэта будзе шоу, на жаль. Бо людзям будзе цікава.

«Вайна магла б пачацца не ва Украіне, а ў нас». Вялікае інтэрв'ю з Уладзімірам Някляевым пра вайну, палітыку дэбеларусізацыі і новую кнігу

«Беларусам будзе вельмі сорамна ды горка за тое, што яны не здолелі нічога зрабіць». Гутарка з музыкам Сяргеем Бабкіным

Міхаіл Чыгір: Калі літаратурна, гэта называецца піпец

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
3