Святлана Ціханоўская дае інтэрв'ю Рускай службе «Голасу Амерыкі» 29 красавіка 2022 года ў Вашынгтоне

Узмацненне санкцый і далейшая ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, большая дапамога грамадзянскай супольнасці і СМІ, падтрымка медыкаў і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку ўкраінскага народа супраць расійскіх войскаў — да гэтага ў Вашынгтоне амерыканскіх палітыкаў заклікала лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.

У эксклюзіўным інтэрв'ю Рускай службе «Голасу Амерыкі» Ціханоўская расказала, што прыехала на цырымонію пахавання дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт, з якой сустракалася пры яе жыцці, і правяла сустрэчы з некалькімі сенатарамі і членамі Палаты прадстаўнікоў, уключаючы спікерку Нэнсі Пелосі, а таксама — з прадстаўнікамі Рады нацыянальнай бяспекі ЗША.

«Я дала новую інфармацыю па Беларусі і распавяла ім пра нашу стратэгію, як атрымаць перамогу над Лукашэнкам; наша стратэгія грунтуецца на знясіленні рэжыму Лукашэнкі», — сказала яна.

Як сцвярджае Ціханоўская, яна прапанавала прадстаўнікам амерыканскага істэблішменту ўвесці больш моцныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Яны павінны быць такімі ж магутнымі, як і санкцыі супраць Расіі, але адрознымі па сваёй структуры.

На яе думку, рэжым Лукашэнкі павінен быць цалкам выдалены з усіх міжнародных арганізацый, каб яго голас не гучаў на міжнароднай арэне.

Таксама, паводле паведамлення CNN,

Ціханоўская расказала журналістам, што падчас сустрэчы з высокапастаўленымі амерыканскімі чыноўнікамі яна перадала дакументы з доказамі ўдзелу Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, а таксама пералік кампаній і краін, якія дапамаглі абысці санкцыі.

Па яе словах, гэта «масавыя доказы запуску ракет з нашай тэрыторыі, перамяшчэння расійскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі».

«Гэта ўнутраная інфармацыя пра нейкія распараджэнні аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі рознай расійскай вайсковай тэхнікі», — патлумачыла Ціханоўская CNN.

«Так, людзі збіралі гэтую інфармацыю на працягу ўсяго перыяду вайны. Яна добра дакументаваная, і мы перадалі гэтыя доказы ўраду».

Гаворачы пра сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі», Ціханоўская сказала, што разумее, чаму яна так і не адбылася. Зяленскі не хацеў сустракацца з ёй да пачатку ваеннага канфлікту, каб не справакаваць Лукашэнку даць тэрыторыю сваёй краіны для ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, што ў выніку і адбылося.

З пачаткам канфлікту, сказала Ціханоўская, апазіцыя Беларусі ўзмацніла сваё супрацоўніцтва з украінскай уладай і грамадзянскай супольнасцю і плануе адкрыць у Кіеве прадстаўніцтва.

Як кажа лідар беларускай апазіцыі, падчас сустрэч у Вашынгтоне яна заклікала амерыканцаў аказваць вялікую падтрымку Украіне.

«Я падтрымліваю Украіну, і калі ўкраінцы просяць пра пэўны рыштунак, вайсковую дапамогу, то трэба яе даць, таму што Украіна змагаецца не толькі за сваю дзяржаву.

Яна змагаецца за дэмакратычныя каштоўнасці, за незалежнасць, а беларусы змагаюцца побач з імі за сваю незалежнасць таксама».

Клас
73
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру