Загінулы ветэрынар Сяргей Чамбровіч

У 45-гадовага лекара засталіся жонка і двое сыноў. Усе, хто ведаў яго ў жыцці і па працы, кажуць пра яго выключна станоўча. «Добры, чуллівы, сціплы, нікому не адмаўляў у дапамозе», — кажуць жыхары Гомеля.

10 траўня лекара, аматара рыбалкі пахавалі ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна. Афіцыйныя беларускія органы, міліцыя, Следчы і Памежны камітэт, дагэтуль не выказалі сваіх версій яго гібелі.

«Дакладна ніхто нічога пакуль не ведае. Паехаў з сябрам на рыбалку ў Брагінскі раён. Не ў першы раз, бо ён быў аматарам рыбалкі. Яны былі не на чаўнах — лавілі рыбу з берага. На іх там «напалі» — каля дзявятай раніцы 9 траўня. Хто напаў, як — невядома. Сяргею стрэлілі ў галаву. Сябар уцёк, схаваўся ў лесе і выклікаў ці памежнікаў, ці міліцыю. Жонка нават не была на апазнанні, бо там пашкоджаная галава — стрэл быў проста ў галаву. Хто страляў, адкуль, чаму — невядома», — расказала гамяльчанка, знаёмая сям’і.

«Гэта было 9 траўня. А да гэтага, 8 траўня, у Ніжніх Жарах, ніжэй па Дняпры, былі чутныя стрэлы. На наступны дзень пачалі казаць, што рыбака забілі ўзброеныя ўкраінцы», — расказала жыхарка Брагінскага раёна.

Ад Верхніх Жараў да Украіны — прыкладна паўтара кіламетра. Мяжа ідзе па Дняпры. З беларускага боку Лоеўскі і Брагінскі раёны ўвялі забарону на знаходжанне на рацэ на чаўнах. З украінскага боку ўведзеная забарона на знаходжанне грамадзян і замежнікаў на памежнай тэрыторыі — на кіламетр днём і 20 кіламетраў ноччу. Гэта не тычыцца мясцовых жыхароў.

Апроч таго, у шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці (у тым ліку Брагінскім) забаронена наведваць лясы.

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны «Свабодзе» паведамілі, што не маюць ніякай інфармацыі пра гэты інцыдэнт.

«Нічога не магу сказаць пра гэтую сітуацыю, нашы падраздзяленні нічога падобнага не чулі», — сказаў супрацоўнік памежнай службы Андрэй Дземчанка.

Начальніца прэс-службы 105-га памежнага атрада Дзяржаўнай памежнай службы (Чарнігаў) Галіна Шахаўцова паведаміла «Свабодзе», што ўкраінскія памежнікі ў гэтым інцыдэнце не ўдзельнічалі.

«Там не было зафіксавана спробаў парушэння дзяржаўнай мяжы Украіны. Стрэлаў ніхто не чуў. Пра смерць рыбака мы ведаем толькі з СМІ», — сказала начальніца прэс-службы.

Чытайце таксама:

«Стралялі з украінскага боку». Што кажуць у памежнай вёсцы, дзе забілі беларускага рыбака

«Нічога не ведаю, ідзе следства». На мяжы з Украінай застрэлілі беларускага рыбака

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру