Што гэта такое? 

Сувалкскі калідор — гэта вузкі 70-кіламетровы кавалак зямлі паміж Калінінградскай вобласцю Расіі і Беларуссю. На працягу многіх гадоў яго называлі ахілесавай пятай НАТА. На гэтай не вельмі густа заселенай тэрыторыі знаходзяцца пераважна сельскагаспадарчыя землі, дзве вялікія трасы і адна чыгуначная лінія. Калідор мае першараднае значэнне для бяспекі Балтыйскага рэгіёну. Ён з'яўляецца адзіным шляхам аўтамабільнага і чыгуначнага злучэння з Цэнтральнай Еўропы ў краіны Балтыі. 

Гэты ўчастак зямлі, названы ў гонар польскага горада Сувалкі, мае стратэгічнае значэнне для НАТА, паколькі ён злучае краіны Балтыі па зямлі з іншымі членамі альянсу і з'яўляецца важным цэнтрам для перакідання войскаў і ўзбраенняў балтыйскім хаўруснікам.

Цяперашні чыгуначны транзіт праз Літву — частка пагаднення паміж Бруселем і Масквой. У пачатку 2000-х гадоў, калі Літва рухалася ў бок ЕС і НАТА, Брусель заключыў угоду з Масквой аб спрошчаным транзіце пасажыраў і грузаў, а 1 мая 2004 года Літва стала членам ЕС.

З моманту аднаўлення незалежнасці балтыйскія дзяржавы пастаянна знаходзіліся ў стане ўразлівасці перад расійскай агрэсіяй. Расія абвінавачвала іх у дыскрымінацыі рускамоўнага насельніцтва і гераізацыі фашызму, у той час як балтыйскія дзяржавы абвінавачвалі Расію ў імперскіх амбіцыях і патрабавалі ад яе кампенсацыі за гады савецкай акупацыі. 

У чым небяспека?

Сувалкскі калідор — самае небяспечнае месца на зямлі, напісаў Рolitico.

Гэта найбольш стратэгічна слабае месца для НАТА. Калідор мяжуе з Калінінградскай вобласцю Расіі на паўночным захадзе і беларускай тэрыторыяй на паўднёвым усходзе. Менавіта па гэтай прычыне ён можа стаць ідэальнай мішэнню для расійскага нападу ў выпадку ваеннага канфлікту з НАТА. 

Вось толькі адна красамоўная лічба, якая паказвае ўсю значнасць Сувалкскага калідора: сухапутная мяжа балтыйскіх краін з іншымі членамі НАТА складае ўсяго каля 70 кіламетраў, у той час як мяжа з Расіяй і Беларуссю — 1400 кіламетраў. 

Калі стала відавочна, што вайна з Украінай зацягнулася, расійскія прапагандысты пачалі сцвярджаць, што сухапутны калідор у Калінінград яны б захапілі хутчэй і прасцей, чым Украіну. 

Фота: прэс-службы Мінабароны РФ / AP

У 2017 і 2021 гадах сумесныя беларуска-расійскія ваенныя вучэнні імітавалі канфлікт паводле сцэнару, у якім Расія захоплівае калідор паміж Беларуссю і Калінінградам. Рэалізацыя такога сцэнару, хутчэй за ўсё, стане падставай для непасрэднага канфлікту паміж НАТА і Расіяй.

Калі б гэта адбылося насамрэч, краіны Балтыі тэрытарыяльна былі б адрэзаныя ад астатняй часткі НАТА. Будуць паралізаваныя камунікацыі, сувязь, ускладнена ваенная і гуманітарная дапамога.

У 2016 годзе даследчыкі аналітычнага цэнтра RAND прадказалі, што расійскія войскі могуць захапіць сталіцы Эстоніі і Латвіі за 60 гадзін, калі ім не дапаможа НАТА. Такім чынам, у выпадку вайны з Расіяй НАТА павінна захаваць гэтую тэрыторыю пад кантролем Польшчы і Літвы.

Акрамя таго, расійскія сістэмы СПА С-300 і С-400, разгорнутыя ў Калінінградзе і Пецярбурзе, могуць паралізаваць паветраную прастору ў краінах Балтыі і Польшчы. Такім чынам, Расія зможа кантраляваць калідор не толькі па сушы, але і ў небе.

Маскве ў выпадку вайны з НАТА не абавязкова ўтрымліваць Сувалкскі калідор увесь час — дастаткова пратрымацца там некалькі дзён, каб не прапусціць натаўскае падмацаванне краінам Балтыі ў выпадку агрэсіі супраць іх. 

Для Расіі Сувалкскі калідор мае стратэгічнае значэнне, паколькі менавіта сухапутныя і паветраныя камунікацыі злучаюць Калінінградскую вобласць з асноўнай часткай Расіі. Акрамя таго, у Калінінградзе знаходзіцца штаб-кватэра Балтыйскага флоту ВМФ РФ.

Што будзе далей?

З 29 дзяржавамі-членамі, уключаючы Злучаныя Штаты, НАТА мае нашмат большыя ваенныя сілы, чым Расія. Але большая частка рэзерваў знаходзіцца за тысячы кіламетраў ад Сувалкскага калідора.

Пасля таго, як Расія акупавала Крым у 2014 годзе, усе пачалі казаць пра ўразлівасць гэтай часткі НАТА. Арганізацыя стварыла невялікія шматнацыянальныя баявыя падраздзяленні ў Польшчы і трох краінах Балтыі на ратацыйнай аснове, якія служаць для стрымлівання Масквы. Але сілы знаходзяцца ў такой канфігурацыі і колькасці, каб не парушаць ўмовы Акта Расія-НАТА 1997 года, які абмяжоўвае магчымасці альянсу перакідваць войскі ў краіны Балтыі і Польшчу на пастаяннай аснове. НАТА разгарнула чатыры ратацыйныя шматнацыянальныя батальённыя баявыя групы ў Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы. Гэтыя падраздзяленні ўзначальваюцца Злучанымі Штатамі, Канадай, Нямеччынай і Злучаным Каралеўствам.

Прысутнасць войскаў НАТА на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы па-ранейшаму з'яўляецца стрымліваючым фактарам для расіян (хаця іх будзе і не дастаткова ў выпадку маштабнай расійскай агрэсіі). Акрамя таго, Расія моцна пагразла ва Украіне і разумее, што спроба пракласці шлях да Калінінграда можа прывесці да пачатку Трэцяй сусветнай вайны.

Крок Расіі па захопе кантролю над калідорам здаецца малаімаверным, улічваючы, што гэта будзе раўнасільна нападу на тэрыторыю НАТА і выкліча ваенны адказ з боку ЗША, аднак ўварванне Расіі ва Украіну паказвае, што такую магчымасць цалкам нельга ігнараваць. 

Акрамя таго, расійская прапаганда ўжо пагражае Польшчы і Літве. Нагадаем, што 75,5% расіян ухваляюць ідэю ўзброенага ўварвання ў наступную краіну пасля Украіны і мяркуюць, што гэта павінна быць Польшча. Таксама Крэмль можа меркаваць, што прапагандысцкі лепш прайграць у вайне (ці невялікім канфлікце) моцнаму НАТА, чым ганебна прайграць «слабой» Украіне. Гэта можа стымуляваць расіян усё ж пачаць вайну. 

У заходніх краін ёсць некалькі варыянтаў, як умацаваць уласную бяспеку ў калідоры.

Першы — выйсці з Акта Расія-НАТА за 1997 год і размясціць на тэрыторыі краін Балтыі вялікі натаўскі пастаянны кантынгент. На думку многіх экспертаў і палітыкаў з краін Балтыі, Расія сама ўжо даўно, свядома і нахабна парушае гэты Акт, намаганні па ўзаемадзеянні з Расіяй праваліліся, таму НАТА мае поўнае маральнае права адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў.

Другі варыянт — засяродзіцца на змене рэжыму ў Мінску і ўстанаўленні тут празаходняга ўраду (але гэты варыянт на сёння не выглядае рэалістычным, ды і відавочна, што рэакцыя Расіі на гэта будзе агрэсіўнай).

Трэці, больш імаверны варыянт — стварыць так званую «атмасферу неабароненасці» для Калінінградскай вобласці, калі атака на Сувалкскі калідор будзе азначаць пагрозу гэтаму расійскаму эксклаву з боку НАТА.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
63
Панылы сорам
14
Ха-ха
23
Ого
51
Сумна
22
Абуральна
39

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру