Справу разглядала ў Брэсце абласная судовая калегія пад старшынствам Мікалая Грыгаровіча.
Паводле версіі абвінавачвання, Ганцарэвіч, «маючы намер на іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» 2 сакавіка 2022 года адправіў у бот тэлеграм-канала «Радыё Свабода» фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам «аэрадром у Баранавічах»».
Сваю віну Ганцарэвіч у судзе прызнаў цалкам. Ён матываваў свой учынак тым, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лётаюць не беларускія самалёты, а расійскія, хацеў даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».
Юрый Ганцарэвіч быў затрыманы 27 красавіка, спачатку яго асудзілі на 10 сутак. Але праз тыдзень у праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся фрагмент відэа з яго допыту і інфармацыя аб прычыне затрымання: ён нібыта фатаграфаваў расійскую ваенную тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.
6 траўня Ганцарэвічу было выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), што прадугледжвала пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.