Фота: Wired.

Безумоўна, калі ваш тэлефон у дрэнным стане ці працуе на аперацыйнай сістэме, падтрымка якой скончылася, вам варта купіць новы. Але калі вашаму тэлефону менш за пяць гадоў і ён усё яшчэ спраўляецца са сваімі функцыямі, вы можаце павялічыць хуткасць яго дзеяння і падоўжыць тэрмін службы з дапамогай гэтых чатырох парад.

Парада 1: Праверце абнаўленне праграмнага забеспячэння

Па традыцыі ўвосень выходзяць апошнія версіі праграмнага забеспячэння iOS ад Apple і Android ад Google. Пасля абнаўлення вашы прылады будуць адчуваць сябе навейшымі, абнаўленні палепшаць бяспеку і выправяць сістэмныя памылкі. 

  • У мадэлях iPhone: цяпер iPhone 6S (выпушчаны ў 2015 г.) і больш новыя падтрымліваюць абнаўленне да апошняй версіі iOS 15.6. Аднак iOS 16, якая павінна выйсці ў верасні гэтага года з некаторымі новымі функцыямі, не магчыма будзе ўсталяваць на старыя мадэлі. Яе атрымаюць толькі iPhone 8 (выпушчаны ў 2017 годзе) і навейшыя. 
  • У мадэлях Android: Праверце ў наладах, ці ёсць магчымасць абнавіць сваю версію Android. Абнаўленні сістэмы і бяспекі на прыладах Samsung падтрымліваюцца тры гады (Galaxy S20 і старэйшыя) або чатыры гады (ад Galaxy S21 і навейшых). Для карыстальнікаў Pixel ад Google ёсць свая сістэма абнаўленняў.

Парада 2: Перагледзьце свой спосаб зараджаць тэлефон

Калі ў вас пашкоджаны або сапсаваны кабель зарадкі, замяніце яго. Зарадная прылада атрымлівае вялікую нагрузку — шматразовае выкарыстанне, перагібанне проваду, пастаяннае тузанне. Новая зарадка ад вытворцы зможа зараджаць ваш смартфон больш эфектыўна і бяспечна. Звярніце ўвагу на функцыю бесправадной зарадкі, калі ў вашым тэлефоне такая ёсць, так ваш тэлефон хоць і будзе зараджацца павольней, але гэта паменшыць нагрузку на батарэю і сам апарат.

Літый-іонныя акумулятары — тыя, якія ёсць у вашым тэлефоне і большасці іншай электронікі — з часам губляюць свойства трымаць зарад, а спосаб зарадкі або выкарыстання акумулятара можа запаволіць гэты працэс. Калі вы пастаянна зараджаеце ваш акумулятар да 100% або выкарыстоўваеце тэлефон з зарадам ніжэй за 15%, то гэта не спрыяе «здароўю» батарэі. Многія тэлефоны цяпер маюць налады, каб маніторыць і павялічваць час аўтаномнай работы.

  • У мадэлях iPhone: перайдзіце ў раздзел Налады > Акумулятар, затым уключыце функцыю аптымізаванай зарадкі акумулятара, каб запаволіць яго старэнне.
  • У мадэлях Samsung: перайдзіце ў Налады > Дагляд прылады > Аптымізаваць зараз.

Парада 3: Як павялічыць хуткасць

Запаволенае функцыянаванне прылады можа быць наступствам старэння батарэі. У 2017 годзе Apple заявіла, што наўмысна знізіла хуткасць тэлефонаў са старымі батарэямі, каб прадухіліць нечаканае выключэнне прылады. Як правіла, акумулятары пачынаюць дэманстраваць зніжэнне ёмістасці праз два-тры гады, або прыкладна праз 500 зарадак. Выхадам можа стаць замена батарэі. Для таго, каб убачыць цяперашні аб’ём вашай батарэі і параўнаць яго з заяўленым пры пакупцы, патрэбна:

  • У мадэлях iPhone: перайдзіце ў Налады > Акумулятар > Стан батарэі.
  • У мадэлях Android: няма лёгкадаступнай убудаванай функцыі, але такія праграмы, як, напрыклад, AccuBattery і MacroPinch, паказваюць інфармацыю аб стане батарэі ў вашым смартфоне.

Вось што яшчэ можна зрабіць, каб павялічыць прадукцыйнасць:

  • Перазагружайце тэлефон праз дзень. Пакіданне тэлефона ўключаным на працягу доўгага часу можа прывесці да памяншэння аб'ёму даступнай памяці і памылак.
  • Вызваліце ​​месца. «Успрымайце свой тэлефон як офіс. Калі ён перапоўнены непатрэбнымі рэчамі, то і перасоўвацца па ім цяжэй. Паглядзіце ў наладах iPhone або Android, што займае сховішча. Выдаліце ​​непатрэбныя файлы і выкарыстоўвайце воблачныя сэрвісы для іх захоўвання».
  • Забараніце праграмам працаваць у фонавым рэжыме. Прычынай спаду прадукцыйнасці можа быць шмат запушчаных праграм. 
  • Карыстайцеся вэб-сайтамі замест праграм. Праграмы не толькі займаюць месца, але і могуць працаваць у фонавым рэжыме, што можа прывесці да зніжэння прадукцыйнасці. Многія сэрвісы, як, напрыклад, сацыяльныя сеткі, могуць быць даступныя з вашага мабільнага браўзера з тымі самымі функцыямі. Вы нават можаце дадаць закладкі вэб-сайта на галоўны экран.

Парада 4: Абараніце ваш тэлефон ад знешняга ўздзеяння

Добры, зручны чахол можа павялічыць тэрмін службы вашага тэлефона на гады, а ахоўнае шкло абароніць экран. Трымальнікі для тэлефона, якія прымацоўваюцца да задняй крышкі, зробяць вашу прыладу зручнейшай для трымання і прадухіляць выпадковае падзенне. 

Нягледзячы на тое, што многія тэлефоны маюць стандарт воданепранікальнасці, не бярыце іх для падводнага плавання. Вільгаць можа пашкодзіць кампаненты ўнутры тэлефона. Асабліва моцна салёная вада раз'ядае электроніку. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру