Судовы працэс, які пачаўся 20 верасня, вёў суддзя Мікалай Лешчанка.
Сальмановіча ўзялі пад варту 4 кастрычніка 2021 года па абвінавачванні ў спрыянні тэрарызму і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, а таксама ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Дзяніса сілавікі называлі «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кіберпартызан» і «Супраціву».
У дзень затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу з тэлефона затрыманага напісалі маці: «Я не магу размаўляць, мне не хапае паветра, я задыхаюся».
Дзянісу 30 гадоў. У дзень затрымання ён быў дома з малодшай сястрой, на той момант яна была непаўналетняй.
«Сілавікі ўварваліся ў дом раніцай, пачалі абражаць дачку рознымі словамі, спрасонку яна нічога не зразумела. Яна чула, як гэтыя нелюдзі ўварваліся ў пакой да Дзяніса, а ён тады хварэў каранавірусам», — распавядала ягоная маці.
Суд прызнаў Дзяніса Сальмановіча вінаватым і па сукупнасці абвінавачанняў прысудзіў яму пазбаўленне волі тэрмінам на 10 год ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 6 400 рублёў, піша Белсат.
Яшчэ наперадзе Сальмановіча чакае разгляд грамадзянскага пазову на суму 33 000 рублёў за нібы перакрыццё дарог.