Жанчыны на пратэстах у Іране 1 кастрычніка 2022 года. Фота: Associated Press

Чаму пачаліся пратэсты?

Пратэст супраць таго, што здарылася з дзяўчынай з Курдыстана — гэта толькі нагода. Курды — гэта меншасць, прычым маргіналізаваная. Да прыкладу, гэта як калі б нешта здарылася з дзяўчынай з нацыянальнай рэспублікі ў Маскве. Такое здарэнне магло б выклікаць хвалю пратэсту, але за ёй бы стаяла нешта іншае.

У апошнія гады — прынамсі, мае такія назіранні за апошнія 20 гадоў рэгулярнага наведвання Ірана — нормы сацыяльных паводзінаў хутчэй лібералізаваліся.

Цяпер у Тэгеране можна пабачыць жанчын, у якіх хусткі на галаве вісяць проста як шалікі. Гэта не адмяняе факта, што гэта парушае нормы і можа прывесці да сутыкнення з паліцыяй нораваў (афіцыйна яна называецца Павучальным патрулём сілаў правапарадку, — НН). Але гэта не ўспрымаецца жанчынамі як сур’ёзная пагроза.

Праўрадавы мітынг у Тэгеране 23 верасня 2022 года. Фота: Associated Press

Але ў людзей ёсць шмат іншых крыўдаў. Найперш гэта сацыяльна-эканамічная сітуацыя. Бо там цяпер вельмі высокая інфляцыя (у гадавым выражэнні яна перавысіла 50%, — НН). І гэта, безумоўна, наступствы санкцый, асабліва пасля разрыву пагаднення Трампам (так званая «ядзерная здзелка». Поўная назва — «Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў». Здзелка прадугледжвала адмову Ірана ад распрацоўкі ядзернай зброі ў абмен на зняцце санкцый. Трамп у аднабаковым парадку выйшаў з яго ў 2018 годзе, аднавіўшы санкцыі, пасля чаго ўжо Іран адмовіўся выконваць значную частку пунктаў пагаднення, — НН).

На гэта наклаліся наступствы палітычнай трансфармацыі апошніх гадоў — рэванш кансерватыўнага альянсу ў палітычным полі. Гэтыя групоўкі, якія выступаюць за большую самадастатковасць, працяг палітыкі на замацаванне ўплыву ў рэгіёне і захаванне той мадэлі, якая выбудавалася за апошнія дзесяцігоддзі.

Да мінулых выбараў улада была ў тых, хто трымаўся больш ліберальнага курсу — Хасана Рухані. Яны выступалі за дамоўленасці з Захадам і паставілі сваю палітычную будучыню на гэта. Іх палітычныя пазіцыі аслаблі, калі Трамп здзелку скасаваў.

Спаленне сцяга ЗША падчас дэманстрацыі супраць скасавання дамовы Трампам. Тэгеран, 9 мая 2018 года. Фота: Associated Press

Яны палітычна калапсавалі і прайгралі ўсе апошнія выбары. Рэфармістаў на найвышэйшых узроўнях улады не засталося. Гэта не падабаецца і шараговым выбарцам, і ліберальным элітам. І гэта не маргіналізаваныя эліты, яны маюць рэсурс і часта ўплыў у дзяржаўных органах.

Ці могуць пратэсты перамагчы?

На маю думку, цяпер — не. Я нават упэўнены, што ўсе постсавецкія [аўтарытарныя] рэжымы абрынуцца нашмат хутчэй, чым палітычная сістэма Ірана. Улада там больш трывалая і, больш за тое, яна можа спадзявацца на сітуатыўныя хаўрусы з рознымі суседзямі.

Ці будзе ў пратэстаў вынік?

Так. Бо ўжо аднойчы была спроба адной палітычнай плыні падмяць пад сябе ўсе структуры ўлады — у часы Ахмадзінежада (прэзідэнт Ірана ў 2005—2013, — НН).

Пратэсты ў Іране 20 верасня 2022 года. Фота: Associated Press

Гэта прывяло да таго, што Ахмадзінежад страціў увесь свой уплыў і ператварыўся ў маргінала, як некалі Жырыноўскі ў Расіі. І яго хаўруснікі таксама ператварыліся ў маргіналаў.

Яны абурылі грамадства і істэблішмэнт. І гэта суправаджалася гвалтам, і загінула мноства людзей, але гэта прывяло да таго, што шэраг палітычных груповак вярнуў свае пазіцыі.

Спробу манапалізацыі ўлады сарвалі, але гэта далося такой цаной.

Праблема іранскай палітычнай сістэмы не зводзіцца да хустак ці алкаголю. Проста яна выбудаваная так, што гэтыя канфлікты выліваюцца на вуліцы.

У чым сакрэт трываласці іранскай сістэмы?

Іранская палітычная сістэма моцна адрозніваецца ад постсавецкіх. Яна больш гнуткая і плюралістычная. Бо ў постсавецкіх сістэмах на баку ўлады звычайна, да прыкладу, няма ініцыятыўных масаў грамадзян. І органы бяспекі не працуюць за ідэйныя перакананні, у адрозненне ад Ірана.

У постсавецкай сістэме, з іншага боку, улада знаходзіцца ў руках нейкай групоўкі або аднаго чалавека. А калі яна пачынае расцярушвацца, то бок розныя групоўкі кантралююць розныя інстытуты — гэта вядзе да таго, што сістэма абрынаецца. А ў Іране мае месца канкурэнцыя розных груповак з рознымі арыентацыямі.

І гэта дадае напружанасці і спрыяе гвалту. Бо людзі, якія выходзяць на вуліцы, маюць спадзеў на тое, што іх падтрымае частка дзяржапарату.

Тое, што ў іншых краінах знішчаецца праз татальны кантроль, тут выліваецца на вуліцы. Таму, нягледзячы на гвалт, гэта ўспрымаецца як нешта, што здараецца. 

Парламент Ірана, 4 кастрычніка 2022 года. Фота: Associated Press

Як пабудаваная палітычная сістэма Ірана?

У Іране ёсць канкурэнтныя выбары і падзел улады. Гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з беларускай мадэллю.

Канстытуцыю Ірана напісалі людзі, выхаваныя на французскай культуры (да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года аятала Хамейні быў у эміграцыі ў Францыі, — НН), і шмат у чым яна была перапісаная з французскіх дакументаў.

У Іране праводзяцца выбары. Там ёсць абмежаванні па допуску кандыдатаў (на выбарах у 2021 годзе не была дапушчаная частка апазіцыйных кандыдатаў, — НН). Але там не бывала выбараў, на якіх усе кандыдаты былі б падстаўныя. Такіх варыянтаў, як у Расіі ці Беларусі, калі выбіраць няма каго, не бывае. Гэта тычыцца і прэзідэнцкіх выбараў, і парламенцкіх выбараў, і мясцовых выбараў. Гэтая рэч цяжка ўмяшчаецца ў галаве тых, хто прызвычаіўся да постсавецкіх сістэм.

Разам з тым у іранскай палітычнай сістэме ёсць органы, якія з'яўляюцца часткай рэвалюцыйнай спадчыны, і яны арыентаваныя на сусветную ісламскую рэвалюцыю, а не на сам Іран. І ў першую чаргу гэта Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, у назве якога няма нават слова Іран, і Найвышэйшага лідара ісламскай рэвалюцыі (Найвышэйшага кіраўніка Ірана). Яны ствараліся ў разліку на тое, што рэвалюцыя будзе працягвацца, але яна далей не пайшла.

І калі будзе далейшае развіццё палітычнай сістэмы ў бок большага ўдзелу грамадзян, то таксама ў Іране гэта адбудзецца лягчэй, прасцей і хутчэй, чым ва ўсіх постсавецкіх краінах, не кажучы пра Цэнтральную Азію і Паўночны Каўказ. Бо і палітычны досвед ёсць, і істэблішмэнт ёсць, і ў насельніцтва досвед у плане ўдзелу ў палітычным змаганні.

Што такое Корпус вартавых іранскай рэвалюцыі і як ён дзейнічае?

Мінулы прэзідэнт сказаў, што ў Іране ёсць два ўрады: без стрэльбы і са стрэльбай, і другі ўрад — гэта Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Гэта не проста людзі са зброяй, а цэлы кангламерат, звязаны з рознымі палітычнымі групоўкамі ўнутры краіны і за яе межамі, з эканамічнымі актывамі ўнутры Ірана і па-за Іранам, з пэўнымі культурнымі элітамі, прычым ідэйнымі, а не як у [лукашэнкаўскай] Беларусі. І гэтая структура мае шанец развівацца менавіта тады, калі паміж Іранам і Захадам найвялікшая канфрантацыя.

Прэзідэнты Пуцін і Рухані на сустрэчы ў 2015 годзе. Фота: Associated Press

Хто такі Найвышэйшы кіраўнік Ірана і якая яго роля?

На чале Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і ўвогуле краіны фармальна стаіць г. зв. Найвышэйшы кіраўнік Ірана, або як яго называюць, Найвышэйшы лідар ісламскай рэвалюцыі, і цяпер на гэтай пасадзе Алі Хаменеі. Можна казаць, што ён вінаваты ў шмат якіх бедах Ірана.

Аятала Хаменеі. Фота Офіса найвышэйшага правадыра Ірана via AP

Вельмі проста тлумачыць усе праблемы тым, што там ёсць найвышэйшы правадыр. Так, ён там ёсць, але гэта мне нагадвае, як калі ў сярэднявечных трагедыях была нейкая праблема, і яна вырашалася ўмяшаннем Бога.

Яго значэнне моцна перабольшваецца. Ён часта падтрымліваў кандыдатаў, якія прайгравалі, і эканамічную палітыку, якую не выйшла ажыццявіць. Хаменеі шмат у што ўмешваўся, і нічога не мянялася.

Да прыкладу, па Ахмадзінежадзе — на першых выбарах ён яго не падтрымаў, а той выйграў. А на другіх — падтрымаў, але Ахмадзінежад так маргіналізаваўся, што гэта яму не дапамагло, а самому Хаменеі стварыла праблемы.

Якога курсу трымаюцца Найвышэйшыя кіраўнікі?

Прынята лічыць, што яны выступалі за радыкальны кансерватыўны курс, але гэта не пацвярджаюць іх палітычныя біяграфіі (найвышэйшых кіраўнікоў Ірана было два: аятала Хамейні і аятала Хаменеі, — НН). Хаменеі заўжды трымаецца такога курсу, які дапамагае яму ўтрымацца ў палітыцы, то-бок гэта не радыкальны курс.

Пасля 2001 года ён быў супраць кантактаў з талібамі, то бок, пагадзіўся на тое, каб іх зрынуць, хаця ў Іране былі сілы, якія хацелі падтрымаць талібаў.

Тое самае адбылося і з Садамам Хусэйнам — дзеля наладжвання адносін з Іранам той часова перадаў амаль усю іракскую авіяцыю. У Іране яна і засталася, а Хаменеі вырашыў не супрацоўнічаць з Іракам, хоць у 1991 годзе ладная частка істэблішмэнту схілялася да падтрымкі Садама.

Пасля рэвалюцыі і таго, як было захопленае амерыканскае пасольства, былі тыя, хто хацеў змясціць штаб-кватэру Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі ў будынку амерыканскага пасольства. Паспрабавалі так зрабіць, але тады ўмяшаўся Рухала Хамейні, папярэднік Хаменеі. Ён сказаў, што цяпер сітуацыя ў адносінах з ЗША гэткая і гэткая, але адносіны з Амерыкай — на дзесяцігоддзі і некалі дыпламаты вернуцца.

Радыкальны палітычны курс прасоўваюць у Іране іншыя фігуры — да прыкладу, цяперашні прэзідэнт Раісі.

Вулічны рынак у Іране. Фота: Associated Press

Адкуль у Ірана заходнія і іншыя падсанкцыяныя тавары?

Іран асвоіў паралельны экспарт і імпарт, які звязаны найперш з гэтымі транснацыянальнымі рэвалюцыйнымі структурамі, і гэта яшчэ адна крыніца іх даходаў. 

Іран гэта не Беларусь, заціснутая з усіх бакоў. У нас любы варыянт ідзе толькі праз Расію, а краіна аказваецца ў фатальнай залежнасці. У Ірана ёсць выхад да мора. Заблакаваць марскія шляхі там амаль немагчыма. І адсачыць, што і куды ідзе, нашмат цяжэй. 

Пуск іранскіх дронаў з караблёў. Фота: Associated Press

Як у Ірана атрымліваецца развіваць навуку і тэхналогіі пад санкцыямі?

У навуку там інвестуюць здаўна. Па многіх напрамках ёсць дасягненні, і яны звязаныя з мясцовымі кадрамі. Таму, напрыклад, дэмантаваць ядзерную праграму Ірана без паўнавартаснага палітычнага пагаднення з іранскім урадам немагчыма. 

Для спынення іракскай ядзернай праграмы дастаткова аказалася знішчыць некалькі аб’ектаў, і Ізраіль гэта зрабіў. Бо Ірак не ставіў мэты развіваць ядзерную навуку, ён хацеў толькі вырабіць адну бомбу. Тое самае адбылося з сірыйскай ядзернай праграмай у 2007 годзе, бо там было мала кадраў і яны былі не свае.

Іран жа ўзважана да ўсяго падыходзіць і рэальна развівае шматлікія галіны навукі. Калі Ірану прадавалі савецкія падлодкі, то яны набылі тры, хоць ім прапанавалі пяць, бо не мелі адпаведных кадраў. І яны сапраўды на іх плавалі, і нават навучыліся самі рэмантаваць, адмовіўшыся дасылаць у Расію на г. зв. сярэдні рамонт, бо баяліся, што ім іх не вернуць.

Параўнайце з Лівіяй — там на закупленых падлодках адзін раз пагрузіліся і болей не пагружаліся, яны проста стаялі. 

Прычым Іран інвестуе ў цэлы шэраг галін і тэхналогій адначасова. Бо вы не можаце ў беднай краінай развіць адну галіну і рабіць гэта ўстойліва. Інвеставаць трэба або ва ўсе навукі, або нічога не атрымаецца.

І філасофія, і гуманітарныя, і сацыяльныя навукі там развітыя нашмат лепш, чым, да прыкладу, у Беларусі і непараўнальна мацнейшыя, чым у любой постсавецкай краіне. 

Вось, да прыкладу, Абдалкарым Соруш — гэта філосаф сусветнага ўзроўню. Хоць у яго ёсць канфлікты з нейкімі палітычнымі групоўкамі ў самім Іране, але ён прызнаны ва ўсім свеце. І такія дзеячы ёсць у Іране ва ўсіх галінах навукі.

Па якіх пунктах Іран не можа дамовіцца з Захадам?

Тры вялікія тэмы важныя для Захаду і яго хаўруснікаў: ядзерная праграма, выпрабаванні ракет сярэдняй далёкасці, уплыў у рэгіёне.

Меркавалася, што ядзерная здзелка будзе першым крокам да вялікага пагаднення з Захадам. Але Трамп знішчыў ядзерную здзелку, і таму ўсе гэтыя праблемы зноў актуальныя.

Як санкцыі ўплываюць на ўладу і ўнутраную сітуацыю ў Іране?

Санкцыі працуюць цікавым чынам. Ёсць звычайныя галіны ўлады і ёсць гэтая транснацыянальная структура, Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, звязаная з рэвалюцыйнай спадчынай. І санкцыі Захаду фактычна аслабляюць усе гэтыя «звычайныя» галіны ўлады, і ўзмацняюць Корпус і структуры, якія з ім звязаныя.

У 80-я гады, калі Іран быў у найбольшай ізаляцыі, у Корпуса з’явілася магчымасць ператварыцца з маргінальнага ўзброенага фармавання з незразумелым палітычным і юрыдычным статусам у вялікага гульца на ўнутрыпалітычнай арэне.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі на маршы. 1983 год. Фота: Associated Press

А напрыканцы 80-х, калі адносіны паміж Тэгеранам і заходнімі сталіцамі пачалі паляпшацца, тут жа было распушчанае асобнае Міністэрства корпуса, і ўрад паставіў на стоп шэраг праектаў, накіраваных на экспарт рэвалюцыі. І цягам 90-х Корпус імкліва слабеў. І калі б не 11 верасня 2001 года (атака тэрарыстаў на вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, самы крывавы тэракт у гісторыі ЗША, — НН), то Корпус маглі б і распусціць, ці прынамсі ператварыць у аналаг беларускіх Унутраных войскаў.

Пасля 11 верасня, аднак, у Джорджа Буша ўзнікае дзіўная ідэя пра «вось зла» і гэта выбівае глебу з-пад ног рэфармістаў, і тут жа пачынаецца рэанімацыя Корпуса.

А сапраўдны ўздым уплыву Корпуса адбываецца на пачатку 2010-х гадоў, калі пачынае палаць увесь рэгіён. 

На сцэну зноў выйшлі гэтыя рэвалюцыйныя структуры. Маўляў, калі яны не хочуць з намі дамаўляцца, то мы будзем падтрымліваць вось гэты рух, выпрабуем ракеты і запусцім цэнтрыфугі па ўзбагачэнні ўрану. Яшчэ ў 1989 годзе КВІР першы раз спрабаваў атрымаць ядзерныя тэхналогіі ў КНДР. 

Марш Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі каля маўзалея Хамейні. 2014 год. Фота: Associated Press

Напрыклад, праблема: Ірану забараняюць прадаваць нафту. Корпус прапануе рашэнне: мы дапаможам хусітам у Емене, яны створаць праблемы ў адказ і, магчыма, мы так прымусім Захад і яго хаўруснікаў у рэгіёне з намі размаўляць. 

Гэта фатальна з пункту гледжання дасягнення змянення стаўлення Захаду да Ірана, але заканамернасць абсалютная. «Вожыкі калоліся і плакалі, але працягвалі есці кактус», як кажуць.

Сяргей Богдан. Фота: geschkult.fu-berlin.de

Сяргей Богдан — беларускі навуковец. Мае ступень доктара палітычных навук Берлінскага дзяржаўнага універсітэта, ступень магістра еўрапейскіх даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта і дыплом спецыяліста па міжнародных адносінах Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

У сваёй доктарскай дысертацыі «Межы непадпарадкавання? Роля постсавецкіх краін у мадэрнізацыі іранскіх узброеных сіл і абароннай прамысловасці» ён даследаваў, як усталяванне сусветнага парадку пасля халоднай вайны паўплывала на супрацоўніцтва паміж Іранам і постсавецкімі краінамі.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце яшчэ:

У Іране «паліцыя нораваў» загубіла 22-гадовую дзяўчыну, выбухнулі пратэсты

Украінцы паказалі начынку іранскага беспілотніка. Выявілася, што ў ім стаіць заходняя электроніка

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру