Удзельнікі мітынгу незалежных прафсаюзаў, што прайшоў 7 кастрычніка ў Мінску, прынялі рэзалюцыю з шэрагам патрабаванняў да ўрада. Арганізатарам акцыі выступіў Беларусі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

Мітынг пачаўся прыблізна ў 17.00 і доўжыўся крыху больш за гадзіну. У акцыі на адкрытай канцэртнай пляцоўцы парку імя 50-годдзя Кастрычніка, дзе Мінгарвыканкам дазволіў праводзіць мерапрыемства, сабралася прыкладна 100 чалавек.

У мітынгу ўзялі ўдзел актывісты трох членскіх арганізацый БКДП

— Беларускага незалежнага прафсаюза, Свабоднага прафсаюза металістаў, Свабоднага прафсаюза Беларускага, а таксама прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) з розных рэгіёнаў краіны.

Перад прысутнымі выступілі старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў, старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, шэраг рэгіянальных прафсаюзных лідэраў.

У выніковай рэзалюцыі ўтрымліваюцца патрабаванні забяспечыць роўныя магчымасці рэалізацыі права на працу для ўсіх грамадзян Беларусі;

адмяніць дэкрэт прэзідэнта №29 (аб сістэме тэрміновых працоўных кантрактаў); забяспечыць выплату работнікам, якіх звольнілі пасля заканчэння тэрміну кантракта, выхадной дапамогі ў памеры трохмесячнага сярэдняга заробку; забяспечыць дастойныя ўмовы працы і бяспеку на працоўным месцы.

Апрача таго, незалежныя прафсаюзы патрабуюць забяспечыць свабоду слова, мітынгаў і сходаў; магчымасць роўнага ўдзелу мужчын і жанчын у прыняцці рашэнняў; права на свабоду аб'яднання ў прафсаюзы і вядзенне калектыўных перамоў. Таксама ў рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасць адсутнасці дыскрымінацыі ў працоўных адносінах, у тым ліку па прыкмеце прыналежнасці да незалежных прафсаюзаў.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаванне аб матэрыяльным забеспячэнні работнікаў у выпадку беспрацоўя, траўмы, мацярынства, бацькоўства або старасці, аб выплаце дапамог па беспрацоўі ў памеры не ніжэйшым за мінімальны спажывецкі бюджэт.

У канцы мітынгу яго ўдзельнікі выкінулі ў скрыню з адходамі пакеты для смецця, якія сімвалізавалі страх, дыскрымінацыю, галечу, прастой.

Усё гэта, на думку ўдзельнікаў акцыі, перашкаджае дастойнаму жыццю ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?