Чарльз Боер і Інгрыд Бергман у трылеры 1944 года «Святло газавай лямпы», знятым па п'есе Патрыка Гамільтана, які ў выніку прывёў да новага выкарыстання гэтага слова. Фота: скрыншот з Youtube
Gaslighting, што азначае маніпулятыўныя паводзіны, якія ўводзяць у зман, было названа словам года амерыканскім слоўнікам Merriam-Webster. The Times паведамляе, што ў параўнанні з мінулым годам на merriam-webster.com колькасць пошукавых запытаў гэтага слова павялічылася на 1 740%.
Газлайтынг — «гэта слова, якое так хутка стала папулярным у англійскай мове, асабліва за апошнія чатыры гады, што стала для мяне і для многіх з нас нечаканасцю», — сказаў Пітэр Сакалоўскі, галоўны рэдактар Merriam-Webster.
Галоўнае вызначэнне газлайтынгу ў Merriam-Webster — гэта псіхалагічная маніпуляцыя чалавекам, звычайна на працягу доўгага перыяду часу, якая «прымушае ахвяру сумнявацца ў абгрунтаванасці сваіх уласных думак, успрымання рэчаіснасці або ўспамінаў і звычайна прыводзіць да разгубленасці, страты ўпэўненасці і самаацэнкі, няўпэўненасці ў сваёй эмацыйнай ці псіхічнай стабільнасці і залежнасці ад злачынцы».
У больш шырокім сэнсе слоўнік вызначае гэтае слова як «дзеянне або практыку грубага ўвядзення кагосьці ў зман, асабліва для ўласнай выгады».
Газлайтынг можа выкарыстоўвацца палітыкамі, а таксама ў адносінах у якасці, напрыклад, карпаратыўнай тактыкі або спосабу ўвесці грамадства ў зман.
Існуе таксама «медычны газлайтынг», калі медычны работнік адхіляе сімптомы пацыента словамі «ўсё ў вашай галаве».
Нягледзячы на адносна нядаўна набытую вядомасць, гэтае слова з'явілася больш за 80 гадоў таму ў п'есе Патрыка Гамільтана «Святло газавай лямпы» 1938 года, якая была двойчы экранізаваная ў 1940-х гадах. У адной з экранізацый аўтарства Джорджа Кьюкора зняліся Інгрыд Бергман і Чарльз Боер. Яны жэняцца пасля бурнага рамана, але ён аказваецца маніпулятарам. Герой Боера настойвае, што скаргі жонкі на пастаяннае змяншэнне яркасці газавага асвятлення іх дома ў Лондане былі выдумкай яе неспакойнага розуму.
Дарэчы, газавыя лямпы — не тое самае, што керасінавыя, якія па-беларуску шырока называлі яшчэ «газнічкамі», ад беларускага слова «газа», што азначае «керасін».
Тэрмін газлайтынг (ці «газавае асвятленне») пазней быў выкарыстаны спецыялістамі ў галіне псіхічнага здароўя для клінічнага апісання формы працяглага маніпулятыўнага кантролю ў складаных адносінах.
Кампанія Merriam-Webster, якая штомесяц рэгіструе 100 мільёнаў праглядаў старонак на сваім сайце, выбірае слова года выключна на падставе даных. Сакалоўскі і яго каманда адсеялі «вечназялёныя» словы, каб вызначыць, папулярнасць якога слова значна вырасла за год. Людзі могуць шукаць словы, каб праверыць напісанне або значэнне. Некаторыя з тых, хто шукаў газлайтынг, магчыма, проста хацелі даведацца, ці гэта адно слова, ці два, ці яно пішацца праз злучок.
Gaslighting быў увесь 2022 год сярод топ-50 слоў, якія шукалі на merriam-webster.com, каб атрымаць статус слова года. Леташнім словам года было «вакцына» (vaccine).
Астатнія сёлетнія топ-10:
oligarch (алігарх);
omicron — устойлівы варыянт Covid і 15-я літара грэчаскага алфавіта;
codify (кадыфікаваць ці шыфраваць) — папулярнасць слова абумоўленая адхіленнем Вярхоўным судом ЗША рашэння аб абароне правоў на аборт;
Queen Consort (каралева-кансорт);
raid (рэйд) — як падчас ператрусу дома былога прэзідэнта Дональда Трампа ў Мар-а-Лага;
sentient (разумны) — стала папулярным пасля звальнення з Google інжынера, які сцвярджаў, што нявыпушчаная сістэма штучнага інтэлекту стала разумнай;
cancel culture (культура адмены);
LGBTQIA (ЛГБТКІА) — абрэвіятура для лесбіянак, геяў, бісэксуалаў, транссэксуалаў, квір або тых, хто сумняваецца, інтэрсэксуалаў і асэксуалаў, арамантыкаў або агендараў;
loamy (суглінкавы) — слова, якое многія карыстальнікі папулярнай анлайн-гульні Wordle спрабавалі адгадаць у жніўні.





