«Магілёўсаюздрук» сам звярнуўся ў эканамічны суд з заявай аб прызнанні яго банкрутам. Дэпартамент па санацыі і банкруцтве Мінэканомікі Беларусі на падставе праверкі фінансавага стану плацежаздольнасці прадпрыемства зрабіў высновы аб тым, што арганізацыя неплацежаздольная і неплацежаздольнасць мае ўстойлівы характар.
З пададзеных у эканамічны суд кіраўніком матэрыялаў вынікае, што крэдыторская запазычанасць не аплачана і складае 7 173 995,98 рубля, а маёмасці даўжніка на суму 6 941 000,36 рубля недастаткова для задавальнення патрабаванняў усіх крэдытораў.
На аснове праведзенага аналізу фінансава-гаспадарчай дзейнасці кіраўнік установы склаў план ліквідацыі, які зацвердзіў сход крэдытораў. Тэрмін ліквідацыі ўстаноўлены па 12 ліпеня 2023 года.
Шматлікія кіёскі прадпрыемства не працавалі з чэрвеня-ліпеня гэтага года. У жніўні кіраўніцтва ААТ «Магілёўсаюздрук» падало хадайніцтва ў суд аб прызнанні банкруцтва з-за вялікіх запазычанасцяў. Тады ж быў прызначаны крызісны кіраўнік, а «Магілёўсаюздрук» узяў курс на вяртанне пазык крэдыторам.
У 2022 годзе «Магілёўсаюздрук» стаў паступова закрываць свае гандлёвыя пункты. Паліцы ж многіх з аб’ектаў гандлю, якія засталіся, стаялі напаўпустыя, бо праз фінансавыя цяжкасці прадпрыемства не магло закупаць папярэдні асартымент тавараў.
У выніку, калі па стане на студзень 2018 года «Магілёўсаюздрук» меў гандлёвую сетку з 224 пунктаў розных відаў, то на жнівень 2022 года засталося толькі 43 аб’екты ў Магілёве, Бабруйску і Чавусах, ды і тыя да верасня зачыніліся.
Праўда, з канца кастрычніка сталі аднаўляць працу асобныя кіёскі «Магілёўсаюздруку» ў Магілёве, Бабруйску, Чавусах. Супрацоўнікі сеткі нясмела выказвалі аптымізм, што да канца года адновяць працу некалькі дзясяткаў гандлёвых пунктаў прадпрыемства. Але ў выніку прадпрыемства ўсё ж такі канчаткова ўзяла курс на ліквідацыю.





