Джэніфер Лопес. This is Me… Now

Цягам дзевяці гадоў каралева дыска ды лаціны не балавала прыхільнікаў новым матэрыялам. Аднак каханне да Бена Афлека, якое, нарэшце, скончылася шлюбам, натхніла спявачку на творчасць. Альбом, па словах Лопес, распавядзе пра надзею, веру ды любоў, якія ніколі не паміраюць. А разам з традыцыйнымі танцавальнымі рытмамі ў трэк-лісце знойдзецца месца баладам.

Лана Дэль Рэй. Did you know that theres a tunnel under Ocean Blvd

Дзявяты альбом у дыскаграфіі спявачка называе дзённікам, бо кожная з песень грунтуецца на гісторыі з яе прыватнага жыцця. Пакуль Дэль Рэй распавяла толькі адну з іх праз сінгл. Аднак да рэлізу магло ўцячы ў сеціва куды болей: увосень злачынцы скралі з машыны Ланы ноўтбук, дзе тая захоўвала дэмкі запісаў. На шчасце, «піраты» з настройкамі прыватнасці не зладзілі — і рэліз альбома адбудзецца па плане, у сакавіку 2023-га.

P!nk. TRUSTFALL

Пераможца прэміі «Грэмі» цягам чатырох гадоў не выдавала поўнафарматных альбомаў. І вось у лютым яна зноў абяцае прымусіць увесь свет танцаваць пад рока-папсовыя хіты. Да чаго будзе падобны альбом намякае трэк Never Gonna Not Dance Again. Аднак P!nk звычайна пазбягае банальнасцей ды аднатыпнасцей, таму «начынка» можа істотна кантраставаць з сінглам.

Льюіс Капальдзі. Broken By Desire To Be Heavenly Sent

Шатландскі выканаўца поп ды соўл хітоў у 2019-м з песняй Someone You Loved замацаваўся на вяршынях хіт-парадаў ЗША ды Вялікабрытаніі. Аднак пасля выхаду поўнафарматнага альбома Divinely Uninspired to a Hellish Extent развіць поспех не здолеў. Як кажа сам Капальдзі, праз ляноту. Таму ў мінулым ён перанёс шэраг канцэртаў, каб скончыць працу над другім альбомам. Спадзяёмся, што 2023-га яму хопіць, каб выдаць альбом у свет.

Эд Шыран

Брытанец крэатыўны ва ўсім, акрамя выбару назваў для альбомаў. Сімвалы «+», «x», «÷», «=» больш нагадваюць тугу па школьных уроках, чым асэнсаваны падыход да наймення альбомаў. Тым не менш менавіта гэтыя рэлізы адгукаліся ў сэрцах слухачоў па ўсім свеце. І як вынік— песня Shivers у лістападзе 2022-га дасягнула мільярда праслухоўванняў на сэрвісе Spotify. Таму публіка гатовая да новай лекцыі па матэматыцы, абы хіты з яе былі такімі ж кранальнымі, як і раней.

Depeche Mode. Memento Mori

Пасля смерці Эндзі Флетчэра гурт вырашыў выдаць альбом памяці сябра з удзелам сэсіённых музыкаў — гітарыста, клавішніка ды бубнача. Рэліз стане першым для «дэпешаў» за шэсць гадоў. Але, мяркуючы па сінгле Ghosts Again, фірмовыя стыль ды драйв легенд на месцы. Ды і ці магло быць інакш, калі вакал Дэвіда Гаана ўсё яшчэ гіпнатызуе слухачоў, тады як Марцін Гор усё так жа адмыслова ўплятае яго ў музычнае палатно?

Metallica. 72 Seasons

Дыназаўры цяжкай сцэны вырашылі вярнуцца да трэш-метальных каранёў, таму ўзялі знаёмага прадзюсара Грэга Фідэльмана, прапісаліся на ўласным лэйбле ды замкнуліся ў студыі звыклым складам, каб нідзе не збочыць са шляху. Ну і, адпаведна, каб не патрапіць пад вонкавы ўплыў. Калі ўзяць за крытэрый ацэнкі сінгл Lux Æterna, то атрымалася годна — і шасцігадовая паўза не паўплывала на заўзятасць амерыканскіх металістаў.

A$AP Rocky. Don't Be Dumb

Доўгі час рэпер абяцаў прыхільнікам новы альбом — і ўсе чакалі All $miles, бо абвесткі пра яе ўкідвалі ў медыяпрастору то сам музыка, то прадзюсары. Аднак мінула ўжо амаль пяць гадоў, а «ўсмешкі» ўсё няма і, падаецца, не будзе. Затое выйдзе Don't Be Dumb — чацвёрты поўнафарматны альбом, дзе чакаецца мноства бітаў ад Metro Boomin.

Трэвіс Скот. Utopia

У 2021-м на фестывалі Astroworld, які ладзіў рэпер, адбылася велізарная цісканіна. Падчас выступу Скота народ вельмі актыўна рушыў да сцэны, пасля чаго шмат хто з слухачоў згубіў раўнавагу ды апынуўся на падлозе. У выніку 10 чалавек загінулі, больш за 300 атрымалі пашкоджанні. Гэта сур'ёзна ўдарыла па Скоту: негатыў з боку грамадства разам з сумленнем, што пачало грызці рэпера, прывялі музыку ў дэпрэсію. Як вынік, ён на пэўны час спыніў працу.

Аднак Utopia, якая пачала запісвацца ячшэ ў 2019-м, нарэшце пабачыць свет. Альбом атрымаецца нязвыклым, бо акрамя бітаў Скот дадаў туды псіхадэлічнага рока. Да таго ж на запіс альбома атрымалі запрашэнні новыя музыкі, з якімі Трэвіс не працаваў раней. «Хачу, каб гучанне змянілася і рытмічныя малюнкі атрымалі новае аздабленне», — тлумачыў падыход рэпер. Таксама вядома, што альбом зазнае некалькі фітоў: напрыклад, да Скота далучацца Джэймс Блэйк і Уэстсайд Ган.

Gorillaz. Cracker Island

Праект прастойваў тры гады, аднак Дэйман Албарн час ад часу выдаваў сінглы. Іх колькасць ды якасць сцвярджалі: закрываць Gorillaz рана — яны не выбралі ўсё хітовае багацце, што хаваецца ў галаве натхняльніка гурта. Таму цалкам лагічна, што ў хуткім часе адбудзецца рэліз поўнафарматнага альбома з 10 песнямі. І запрошаныя госці вабяць зорнасцю не менш, чым сам факт новага альбома.

Godsmack. Lighting Up the Sky

Восьмы і, падаецца, апошні альбом рокераў выходзіць пасля вельмі працяглай паўзы — ніколі раней пяць гадоў Godsmack не маўчалі. Аднак гэтым разам Салі Эрна адмовіўся ад вырабу музыкі пад прымусам лэйблаў ды дэдлайнаў і чакаў натхнення, каб фінальны акорд банды выйшаў змястоўным ды якасным. Наколькі гэта ў Godsmack атрымалася, пачуем у лютым. Аднак сінглы атрымаліся годным прызнаннем Эрна ў любові і да рока, і да паплечнікаў, і да фанаў.

Віле Вала. Neon Noir

Франтмен гурта H.I.M. выдае дэбютны альбом, які называе саўндтрэкам да бойкі-марафону між Робертам Смітам ды Озі Озбарнам. Фін прынцыпова адыходзіць ад музычных канонаў, якіх прытрымліваўся яго былы калектыў цягам 25 гадоў. І ў тым ліку з гэтай нагоды наўмысна не збіраў сталы гурт музыкаў пад запіс. Для Вала альбом — гэта, хутчэй, медытацыя, якая расцягнулася на два «кавідныя» гады, чым нейкі канцэптуальны праект. Куды завялі Віле пошукі, можна будзе пачуць 13 студзеня.

Джон Фрушантэ. I. II

Гітарыст Red Hot Chili Peppers у сольнай творчасці адмежаваўся ад рокавых уплываў, блізкіх гурту, і пайшоў іншай сцяжынкай. Падвойны альбом будзе насычаны электроншчынай, а сам Фрушантэ характарызуе кантэнт як яднанне руху і спакою. Вядома, што «I» выйдзе на вініле з сямю запісанымі трэкамі, а «II» атрымае ў лічбавым фармаце большую колькасць песняў. Трэкі не будуць дублявацца, бо творы «II» не перанесці на вініл праз складанасць гукавой палітры.

Фрушантэ пакуль не тлумачыць, ці складаюць «I» і «II» падвоены альбом разам альбо стануць існаваць паасобку — і развіццё некалькіх сюжэтаў пойдзе ўнутры кожнага альбома. Аднак пры гэтым музыка адзначае, што пры ўкладанні альбома працаваў механічна, а не хаатычна. То-бок мэтанакіравана перабіраў часткі песень, пакуль не атрымліваў сінтэз незвычайных гукаў.

Чытайце таксама:

Танцавальная ліхаманка, тыкток-трэнды і вайна — ТОП-10 музычных альбомаў года па версіі «Нашай Нівы»

Вяртанні, надзеі і страты. 10 галоўных музычных альбомаў Беларусі

Slipknot. Amorphis. Epica. Найлепшыя альбомы металістаў у 2022-м

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?