Судовы працэс вядзе суддзя Алег Харошка.

Палітвязні Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч пазнаёміліся адзін з адным у 2020 годзе падчас паслявыбарчых пратэстаў. Пра іх затрыманне стала вядома 10 сакавіка 2022 года. Як лічыць следства, падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе яны выходзілі на дарогу з бчб-сцягам і блакавалі транспарт на цэнтральных вуліцах Мінска.

Канчатковае абвінавачанне мазыранам выстаўленае па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 2 арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў;
  • ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму;
  • ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
  • арт. 341 — апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці;
  • ч. 1 арт. 130 — распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • ч. 1 арт. 361 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд са жніўня 2020 года па люты 2022 года Пляшкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі ў розных месцах і перавозілі ў розных транспартных сродках з мэтай іх наступнага выкарыстання пры здзяйсненні акта тэрарызму, нападзе на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Акрамя гэтага, Пляшкун нібыта сам вырабіў «кактэйлі Молатава» і сумесна з Сельвічам падрыхтаваўся да наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць транспартных сродкаў і шляхоў зносін, што магло пацягнуць смерць чалавека, крушэнне або аварыю.

У працяг сваіх дзеянняў Пляшкун, як сцвярджае следства, выкарыстоўваючы Тelegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем, размясціў відэафайл з каментарамі пра дату і час перамяшчэння вайсковай тэхнікі, ваенізаваных падраздзяленняў і вайскоўцаў з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Пасля чаго пад'ехаў да аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна і дарожнага знака, дзе нанёс фарбай на плот і на знак цынічныя малюнкі і надпісы, у якіх даў негатыўную ацэнку жыхарам замежнай дзяржавы, паведамляла Генеральная пракуратура.

На чарговым судовым пасяджэнні 17 студзеня суддзя абвясціў перапынак да 8 лютага. Прычына такога рашэння невядомая, так як суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0