У межах Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны распрацоўваецца стратэгія стымулявання нараджальнасці.

Пра гэта паведаміла начальнік аддзела гендэрнай і сямейнай палітыкі міністэрства Марына Арцёменка 28 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні круглага стала, прысвечаным справаздачы аб нацыянальным сацыялагічным даследаванні прычын сямейнага недабрабыту ў Рэспубліцы Беларусь, праведзеным пад эгідай ЮНІСЕФ.

У прыватнасці, стратэгія будзе накіравана на падтрымку сем’яў, дзе выхоўваецца двое дзяцей. Як адзначаецца ў даследаванні, ад нараджэння першага дзіцяці бацькі не адмаўляюцца, а для нараджэння другога неабходна ствараць пэўную матывацыю.

Паводле слоў Арцёменкі, у справаздачы ўказваецца, што ў Беларусі пераважае арыентацыя на адна‑двухдзетную сям’ю — з‑за нізкіх даходаў, нездавальняючых жыллёва‑побытавых умоў, стану здароўя мужчын і жанчын. Асабліва нізкія рэпрадуктыўныя ўстаноўкі ў моладзі.

Калі доля першынцаў у Беларусі адна з самых высокіх у свеце, то доля другіх і трэціх нараджэнняў — адна з самых нізкіх.

Акрамя таго, згодна з даследаваннем, кожнае чацвёртае‑пятае дзіця ў краіне нараджаецца па‑за зарэгістраваным шлюбам.

Алена Спасюк, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0