Грамадская камісія наведала ПК №15 у Магілёве. Усе фота: minjust.gov.by
У ПК-15 утрымліваюць зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ўпершыню.
«Умовы размяшчэння, харчавання, лячэння, арганізацыя вольнага часу асуджаных і іх працаўладкавання ў ПК №15 адпавядаюць усім патрабаванням, устаноўленым да сістэмы выканання пакаранняў. Падчас гутаркі з асуджанымі скаргаў і нараканняў на працу адміністрацыі папраўчай установы і ўмовы размяшчэння не паступала», — адсправаздачылася камісія.
Члены камісіі правялі анкетаванне асуджаных, а намеснік начальніка ўпраўлення Генпракуратуры асабіста прыняў грамадзян. Зняволеных цікавілі пытанні парадку адбывання пакарання, аспекты прымянення амністыі, магчымасць замены прызначанага пакарання мякчэйшым, паведамляе Генпракуратура.
Яна таксама ўдакладніла, што ў рамках рабочай паездкі пракурорскі работнік расказаў асуджаным аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Хто ўваходзіць у камісію сёння, невядома.
У ПК №15 утрымліваюць амаль 100 палітзняволеных, сярод іх Андрэй Скурко, Аляксандр Фядута і Дзяніс Івашын.





