Intermarium

У выпадку перамогі Украіны і захавання ёю незалежнасці Беларусь застаецца адзінай падкантрольнай Расіі краінай Міжмор'я. Графіка: Wikimedia Commons

Ці была б Еўропа ў міры з пуцінскай Расіяй, калі б НАТА пасля 1989 года не пашыралася на ўсход і Еўропа прызнала інтарэсы Расіі ва Украіне?

Пісьменнік і геапалітык Роберт Каплан рашуча адказвае: «Не».

На яго думку, калі б краіны былога савецкага блока ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе не ўступілі ў НАТА і ЕС, яны б цяпер былі слабымі дзяржавамі. У прыклад ён прыводзіць Румынію і Малдову: Румынія стала моцнай і стабільнай дзяржавай пад парасонам НАТА і ЕС, нягледзячы на спусташэнне на выхадзе з дыктатуры Чаўшэску, тады як Малдова сёння, краіна, населеная тым жа народам, якая 30 гадоў таму была багацейшая за Румынію, — гэта слабая краіна, што магла стаць ахвярай Расіі, калі б Адэса не ўстаяла.

Такім чынам, паміж Германіяй і Расіяй сёння магло б быць некалькі такіх «Малдоў», на якія паглядаў бы Пуцін.

«Іншымі словамі, калі б Захад не пашырыў НАТА і ЕС на ўсход, мы цяпер ваявалі б за Польшчу, а не за Украіну і Беларусь, бо спадар Пуцін, напэўна, дыхаў бы ў патыліцу кожнай краіне паміж Берлінам і Масквой», — піша Роберт Каплан.

«Украіна даўно была б пад пятой Крамля. Нямеччына яшчэ больш схілілася б да нейтралітэту, патрабуючы цесных адносін з Расіяй не толькі ў сувязі з пастаўкамі газу, але і каб гарантаваць бяспеку сваіх межаў з Польшчай і Чэхіяй, калі б гэтыя краіны не сталі членамі НАТА і ЕС і трапілі пад уплыў Расіі».

Аналітык кажа, што сённяшняя бітва за Украіну — гэта абарона ўсяго «Міжмор’я», пояса дэмакратычных дзяржаў ад Эстоніі на Балтыйскім да Балгарыі на Чорным моры, ад расійскага імперыялізму.

Сама канцэпцыя «Міжмор’я» — гэта была ідэя першага кіраўніка зноў незалежнай Польшчы Юзафа Пілсудскага. Ён лічыў, што ўтварэнне такога блока дзяржаў дапаможа пазбегнуць краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы дамінавання Германіі ці Расіі.

На думку Каплана, Расія напала на Украіну не таму, як сцвярджалася афіцыйна, што адбываліся пашырэнні Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы, а з-за «шэкспіраўскіх дэманаў» Пуціна.

Каплан згадвае словы аднаго расійскага мільярдэра, які расказаў пра размову з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Як так магло быць, што Пуцін прыняў рашэнне пра вайну, не параіўшыся ні з кім, нават з міністрам замежных спраў. Лаўроў на гэта адказаў: у Пуціна ёсць толькі тры дарадцы: «Іван Жахлівы, Пётр Першы і Кацярына Вялікая».

Як адзначае аналітык, рашэнне аб уварванні ва Украіну адлюстроўвала не калектыўнае мысленне расійскай эліты, а «ўласныя думкі расійскага прэзідэнта». Перамога Украіны дасць Расіі хай сабе і слабы шанец змяніцца самой, піша Каплан. 

Чытайце яшчэ:

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў лічыць, што вайна скончыцца ў гэтым годзе

«Расія нідзе не заканчваецца». Рыгор Юдзін патлумачыў, што вынікае з гэтай формулы Пуціна 

Фінляндыя афіцыйна стала членам НАТА

Клас
41
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5