Чарамша ў Белавежскай пушчы

Чарамша ў Белавежскай пушчы. Фота: Wikimedia Commons

Чарамшу яшчэ называюць мядзведжай цыбуляй. У гэтай назве захавалася адсылка да лацінскай назвы — ursinum (ад лац. ursus — мядзведзь). Гэтая расліна вельмі хутка вырастае пасля сыходу снегу.

Лічыцца, што ёю ласуецца мядзведзь пасля выхаду з зімовай спячкі. Чарамшу з задавальненнем паядаюць і іншыя звяры, напрыклад, кабаны. А вось кароў да гэтай травы не падпускалі, бо малако пачынала пахнуць часнаком.

Расліна добра расце ў старых лясах, заліўных лугах і па берагах рэк. Але яе масава садзяць і на лецішчах, агародах.

Мядзведжая цыбуля ўнесена ў Чырвоную кнігу Беларусі і суседніх краін. Таму агародную — ежце на здароўе, а збіраць у лесе няможна.

Што можна есці

У ежу ўжываюцца лісты і сцёблы. Найлепшы час для збору — пакуль яна не пайшла ў цвет. У гэты час расліна мяккая і найбольш смачная. Найлепшыя смакавыя якасці яна захоўвае пры халодным і вільготным надвор'і. Пры высокай тэмпературы яна страчвае свой смак. Калі мядзведжая цыбуля зацвіце, то можна збіраць яе стрэлкі-кветкі. Для гэтага іх вельмі асцярожна выцягваюць з расліны, каб не зрушыць цыбулінку. У ежу ўжываюць белую і мяккую частку.

Як адрозніць чарамшу ад ландыша

Трэба асцерагацца таго, каб замест мядзведжай цыбулі не сабраць ядавітых раслін. Найперш — ландыша. Самы просты спосаб вызначыць чарамшу — размяць у пальцах ліст і панюхаць. Павінен добра адчувацца пах цыбулі і часнаку. Яшчэ адно адрозненне чарамшы ад ландыша заключаецца ў тым, што ў расліны кожны лісцік расце на асобным чаранку. У ландыша з аднаго чаранка вырастае 2—3 лісты.

Што можна прыгатаваць з чарамшы

Мядзведжую цыбулю ядуць сырой, з хлебам і без, з соллю і без. Можна парэзаць, пасаліць і закрасіць алеем — атрымаецца просты салат. Можна зрабіць салату з вараным яйкам і чарамшою, з бураком і чарамшою. Чарамшу квасяць, соляць, дадаюць у супы, пірагі. Яе падаюць з мясам і рыбаю. А вось сушаць вельмі рэдка, бо частка яе каштоўных уласцівасцяў пры гэтым губляецца. Сушаць звычайна толькі кветку расліны.

Лекавыя ўласцівасці чарамшы

У якасці лекаў мядзведжую цыбулю выкарыстоўвалі старажытныя германцы, кельты, рымляне. Нават у падгорʼях Альпаў на паселішчах эпохі неаліту вучоныя знаходзілі сляды чарамшы. Самыя старажытныя доказы ўжывання чарамшы былі знойдзены ў Даніі.

У старажытных трактатах мядзведжая цыбуля называецца выдатным сродкам засцярогі ў перыяд чумы, халеры і іншых заразных захворванняў.

У старажытнасці чарамшу кіпяцілі ў вадзе і атрыманы адвар выкарыстоўвалі для дэзынфекцыі. А пры запаленні вушэй хвораму закапвалі сок мядзведжай цыбулі. Да сёння сок выкарыстоўваюць для таго, каб пазбавіцца ад лішаю і бародавак.

Расліна багатая на вітамін С, таму яе выкарыстоўвалі як сродак супраць цынгі. Акрамя таго, у чарамшы ёсць вітаміны А, В, жалеза і пратэін. Усё гэта дазваляе яе выкарыстоўваць у якасці прабіётыкаў пасля курса антыбіётыкаў. Яна забівае дрэнныя бактэрыі і павышае колькасць карысных.

Чарамша добра павышае імунітэт. Яна карысна хворым на дыябет, атэрасклероз, хваробы шчытападобнай залозы. Расліна таксама зʼяўляецца добрым сродкам супраць паразітаў у кішэчніку. Яна дапамагае пры гіпертаніі, павышае ўзровень гемаглабіну і паляпшае кровазварот, спрыяе апетыту і страваванню.

Мне даводзілася чуць ад доктара, што карысныя ўласцівасці чарамшы пераўзыходзяць звычайны часнок.

Аднак, калі ёсць праблемы са страўнікава-кішачным трактам, язвы, гепатыт, эпілепсія, халецыстыт, панкрэатыт, то лепш расліну не есці. Не рэкамендуюць яе ўжываць і цяжарным жанчынам. Чарамша вострая, пякучая, у гэтым прычына такіх абмежаванняў.

Чарамша ў паходзе

Калі вы прастудзіліся ў паходзе, то рэкамендуюць сарваць ліст чарамшы, размяць яго і нюхаць. 

Пры захворванні горла дапаможа ўжыванне лістоў чарамшы. Іх жуюць і глытаюць. Дапамогуць таксама інгаляцыі з адварам з мядзведжай цыбулі.

Жаванне чарамшы дапаможа пазбавіцца ад бактэрый у роце.

І, зразумела, асноўны спосаб ужывання чарамшы ў паходзе — у якасці ежы.

Чарамша ў садзе

Чарамша, выгадаваная ў належных умовах, можа стаць вельмі экспансіўнай раслінай. Яна можа заняць вялікія прасторы, абмяжоўваючы рост іншых яравых раслін. Аднак мядзведжая цыбуля не перашкаджае расці многім шматгадовым раслінам. У садзе яе садзяць звычайна ў самым цяністым месцы, дзе толькі вясной бывае сонца, пад густымі дрэвамі ці на паўночны бок ад дома. Аднак не варта саджаць побач з бабовымі (яны тармозяць рост адно аднаго) і салатай.

Чытайце яшчэ:

Як амаладзіць старыя туі

Як правільна абразаць гартэнзію. І чым яна можа быць карысная, акрамя хараства

Клас
47
Панылы сорам
10
Ха-ха
13
Ого
16
Сумна
49
Абуральна
59