пенсіянеры, старасць

Вучоныя даўно заўважылі залежнасць паміж зніжэннем тэмпературы цела жывых арганізмаў і працягласцю жыцця.

Напрыклад, эксперыментальна было даказана, што зніжэнне тэмпературы цела ў мышэй на 0,5 градуса значна павялічвае працягласць іх жыцця.

Доўгі час заставалася загадкай, як гэта працуе. Традыцыйнае меркаванне заключалася ў тым, што даўгалецце, выкліканае холадам, адбываецца ў выніку зніжэння хуткасці хімічных рэакцый і метабалізму, што вядзе да запаволення вылучэння энергіі і тэмпу жыцця.

Каманда вучоных з Кёльнскага ўніверсітэта змагла знайсці адказ. Пра гэта яны распавялі ў часопісе Nature Aging.

Навукоўцы выкарыстоўвалі ў якасці мадэльнага арганізма чарвяка глебавай нематоды Caenorhabditis elegans, а таксама культываваныя клеткі чалавека. Абодва ўзоры мелі гены нейрадэгенератыўных захворванняў: БАС — бакавога аміятрафічнага склерозу і хваробы Хантынгтана.

Клінічныя карціны абедзвюх хвароб характарызуюцца назапашваннем дэфектных і шкодных бялкоў і ўтварэннем так званых паталагічных бялковых агрэгацый.

Падчас выпрабаванняў абодвух узораў холад паўплываў на актыўнасць пратэасом — шматбялковага комплексу, задача якога — разбураць дэфектныя або непатрэбныя бялкі.

Дзякуючы зніжэнню тэмператур, пратэасомы выдалялі гэтыя паталагічныя ўтварэнні і не давалі ім далей аб'ядноўвацца, што адбівалася на развіцці хвароб нейронаў мозга.

Галоўны ў працэсе актывацыі пратэасом — ген PSME3. Аўтары даследавання адзначаюць, што актываваць дзейнасць гена ў клетках, што старэюць, удалося ўмераным зніжэннем тэмпературы, бо рэзкае і значнае наносіць шкоду жывым арганізмам.

Асноўным у сваім адкрыцці каманда называе тое, што актыўнасць пратэасом можна павялічваць з дапамогай генетычнай звышэкспрэсіі — гэта значыць «уключэннем» генаў PSME3 у старэючых клетках.

Метад можа быць выкарыстаны для знішчэння небяспечных бялкоў без выкарыстання холаду, пры нармальнай тэмпературы цела чалавека да 37 градусаў.

Вядома, што старэнне — асноўны фактар рызыкі развіцця шэрагу нейрадэгенератыўных захворванняў, звязаных з агрэгацыяй бялку, у тым ліку хваробы Альцгеймера, Паркінсана, Хантынгтана і БАС, таму адкрыццё можа дапамагчы ў іх прафілактыцы і лячэнні.

Чытайце яшчэ:
Як мяняецца чалавек з хваробай Альцгеймера? Нейрабіёлаг: Як быццам хтосьці перанёс яго ў чужы свет
Змена звычак запавольвае старэнне
Навукоўцы змаглі спыніць працэс старэння ў мышэй і навучыліся кіраваць гэтым працэсам. А што наконт людзей?
Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0