Фота: Colombia's Armed Force Press Office via AP

Фота: Colombia's Armed Force Press Office via AP

Дзеці ва ўзросце ад года да 13 гадоў былі знойдзены ратавальнікамі ў мінулую пятніцу і дастаўлены ў вайсковы шпіталь у Багаце. Там старэйшая дачка, 13-гадовая Леслі, распавяла бацьку, Мануэлю Раноке, пра рашэнне мамы адправіць дзяцей у лес, бо каля абломкаў самалёта, як яна разважыла, у іх будзе менш шанцаў выжыць, піша Бі-бі-сі.

«Леслі мне патлумачыла, што яе мама заставалася ў жывых чатыры дні, — сказаў журналістам Раноке. — Перад смерцю іх мама сказала: «Вам трэба адсюль выбірацца, дзеткі. Вы ўбачыце, які добры чалавек ваш бацька — ён будзе вас любіць гэтак жа моцна, як любіла вас я».

Лёгкаматорны самалёт Cessna-206 пацярпеў аварыю 1 мая на шляху з горада Араракуары ў Сан-Хасэ-дэль-Гуаўяры. На борце знаходзіўся пілот, чацвёра дзяцей — браты і сёстры ва ўзросце 13, дзевяці, чатырох гадоў і 11 месяцаў, іх маці і яшчэ адзін пасажыр. У самалёта перастаў працаваць рухавік, і ён упаў у джунглі, пры гэтым усе дарослыя, за выключэннем Магдалены Мукутуі, загінулі на месцы, а дзеці засталіся жывыя.

Ратавальнікі дабраліся да месца падзення самалёта толькі праз два тыдні і знайшлі целы загінулых, але ацалелыя дзеці да таго часу пайшлі ў джунглі шукаць дапамогі.

Пачаліся маштабныя пошукі, у якіх, акрамя сотні вайсковых ратавальнікаў з сабакамі, удзельнічалі і мясцовыя жыхары. Ім удалося выявіць месца, дзе спыняліся дзеці, і пакінутыя імі рэчы: дзіцячую бутэлечку для пітва, нажніцы, гумку для валасоў, надгрызеную садавіну.

Пасля гэтага над джунглямі сталі лётаць верталёты, якія транслявалі праз рупар голас бабулі зніклых дзяцей: яна прасіла іх спыніцца, каб іх маглі знайсці.

Дзеці па паходжанні — з мясцовага індзейскага племені ўітата. Іх супляменнікі спадзяваліся, што ўменне знаходзіць ежу і веданне трапічнага лесу дапамогуць ім выжыць. Яны не памыліліся.

У мінулую пятніцу ратавальнікі пачулі плач і на невялікай паляне знайшлі ўсіх дзяцей.

Па словах Генры Герэра, аднаго з членаў племені ўітата, якія разам з вайскоўцамі ў выніку знайшлі дзяцей, асноўная заслуга ў тым, што дзеці засталіся жывыя, належыць 13-гадовай Леслі.

Пад яе кіраўніцтвам дзеці змаглі збудаваць невялікую палатку, не аддаляліся ад ракі і заўсёды мелі пад рукой ваду ў бутэльцы.

Дзеці былі вельмі знясіленыя, усе ў драпінах і парэзах, з інфекцыяй, падхопленай у джунглях, згаладалыя і абязводжаныя, але жывыя.

Першыя тыдні яны елі муку, мяшок з якой знайшлі ў самалёце, а затым сілкаваліся падножным кормам.

«Калі іх знайшлі, у іх у галаве была толькі ежа, — кажа Герэра, — яны былі гатовыя есці ўсё — рысавую кашу, хлеб, абы была ежа».

Між тым, як кажуць вайскоўцы, выратавальныя работы яшчэ не завершаны.

Рэч у тым, што пошукавы сабака па мянушцы Уілсан, які, як мяркуюць, першым знайшоў дзяцей і правёў з імі некалькі дзён (у намёце дзяцей у джунглях быў малюнак з яго выявай), неўзабаве пасля гэтага сам згубіўся ў джунглях.

«Сваіх не кідаем», — напісалі ў твітары вайскоўцы і пакляліся працягнуць пошукі сабакі.

Малюнак з выявай Уілсана, намаляваны ў шпіталі

Малюнак з выявай Уілсана, намаляваны ў шпіталі

Клас
15
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
0